Ярмошына: Перадаць невыкарыстаны эфірны час Лукашэнкі праблематычна



Перадача Таццяне Караткевіч для перадвыбарнага выступу па тэлебачанні эфірнага часу, які не выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка, праблематычная. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў час прэс-канферэнцыі ў Менску. Яна паведаміла, што адпаведнага звароту Караткевіч у ЦВК не паступала, таму пакуль разгляд гэтага пытання не плануецца. І ўвогуле тут шмат спрэчных пытанняў:

– Па-першае, у нас няма такой практыкі, бо гэты час не кандыдата, гэты час дзяржаўны, якое прадставіла дзяржаўнае тэлебачанне і радыё канкрэтнаму кандыдату, але не для пералачы, або для прадажы. Гэта па-першае. Па-другое, тэлевізійная праграма ўжо звярстаная на перыяд датэрміновага галасвання, і ў нас няма практыкі прадстаўлення эфірнага часу ў гэты перыяд, таму тут усё няпроста.

 Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка – адзіны з чатырох кандыдатаў у прэзідэнты, які не выступіў па тэлебачанні і радыё ў адведзены адмыслова для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў час. Таму Таццяна Караткевіч папрасіла гэты час як дадатковы для сваіх выступаў.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.