У рэгіёнах цяжка знайсці працу



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў адзначае рост беспрацоўя, недакладныя звесткі статыстыкі і распавядае пра тое, як працуе закон аб лайдаках.

Па звестках галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы, у Менску колькасць беспрацоўных вырасла ў 4 разы. Не лепшая сітуацыя і па рэспубліцы.

Аляксандр Бухвостаў: Мне здаецца, што лічбы, якія даводзіць статыстыка, не зусім дакладныя. Па некаторай інфармацыі, асобныя цэнтры занятасці ўжо проста не бяруць людзей на ўлік. Таму дакладна падлічыць усіх беспрацоўных наша статыстыка сёння не ў стане.

РР: Ці прадбачыцца рост беспрацоўя?

Аляксандр Бухвостаў: Паколькі не чакаецца росту аб’ёмаў вытворчасці, то і беспрацоўе будзе расце. У рэгіёнах наогул ёсць такія прадпремствы, якія закрываюцца альбо на мяжы закрыцця. Таму беспрацоўе будзе павялічвацца, хоць статыстыка, якая абапіраецца на цэнтры занятасці, можа прыводзіць і іншыя лічбы. Мне здаецца, што ўжо зараз беспрацоўе па краіне перавышае 15 адсоткаў. А можа і больш.

РР: Здаецца, і нейкія вакансіі людзям прапаноўваюцца, а беспрацоўных становіцца ўсё больш.

Аляксандр Бухвостаў: Можа, у сталіцы лягчэй знайсці працу, а ў тых жа раённых цэнтрах гэта самая сапраўдная праблема. Менск не адлюстроўвае агульную сітуацыю ў цэлым па рэспубліцы. У маленькіх гарадках цяжка знайсці працу ўжо даўно. Усё гэта суадносіцца з тымі працэсамі, якія сёння адбываюцца ў беларускай эканоміцы.

РР: Наколькі, на ваш погляд, дзейсна сёння працуе закон аб лайдаках?

Аляксандр Бухвостаў: Ён, натуральна, у нейкай ступені падштурхоўвае людзей ісці ў цэнтры занятасці, але, думаю, пры жаданні народ можа нават абысці гэты закон. А некаторыя наогул кажуць так: “Лепш я заплачу падатак, чым займацца валакітай, збіраючы паперкі ў цэнтры занятасці”. І неафіцыйную падпрацоўку можна знайсці. Зрэшты, беспрацоўе больш праявіцца ў пачатку наступнага года. Не думаю, што сітуацыя ў эканоміцы да гэтага часу выправіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mgazeta.com