„Белавія” пусціць рэйс з Менска ў Адэсу
Авіякампанія „Белавія” плануе адкрыць рэйс з Мінска ў Адэсу. Пра гэта паведаміў БелТА першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Яўген Рагачоў.
„Авіякампанія плануе адкрыць рэйс Менск-Адэса-Менск. Гэты рэйс мы прапрацоўвалі даўно. Магчыма, нам прыйдзецца адкрываць не адзін рэйс, але дадзенае рашэнне не звязана з тым, што адбываецца ў краінах, якія з’яўляюцца нашымі бліжэйшымі суседзямі. Таксама не выключаецца магчымасць, што мы будзем лётаць часцей у Кіеў„, – сказаў першы намеснік кіраўніка ведамства. Ён адзначыў, што авіяцыйныя ўлады і Мінтранс ў цэлым не бачаць для сябе праблемы ў сувязі з сітуацыяй паміж краінамі-суседкамі. „І Нацыянальны аэрапорт Менск, і абласныя аэрапорты, і кампанія „Белавія” цалкам гатовыя да прыёму пасажыраў, якія прымуць рашэнне накіроўвацца ва Украіну транзітам праз нашу краіну. Мы б не хацелі рабіць з гэтага ажыятаж. Забяспечваць патрэбы пасажыраў у якасным сэрвісе – гэта наша штодзённая праца„, – растлумачыў Яўген Рагачоў.
Сталічны аэрапорт мае пасля рэканструкцыі дастатковы рэзерв і здольны забяспечыць якаснае абслугоўванне ўсіх пасажыраў. Па дадзеных першага намесніка міністра, працягваюцца перамовы з авіяцыйнымі ўладамі Украіны і Расеі і іх авіякампаніямі. „Пры неабходнасці” Белаэранавігацыя „і нашы авіяўлады прапрацуюць неабходныя стыкоўкі, каб пасажырам было камфортна„, – запэўніў Яўген Рагачоў.