На гомельскі аўтавакзал вярнулася родная мова



Гамельчукі дамагліся вяртання беларускамоўных шыльдаў і надпісаў на аўтавакзале. Блогеры і журналісты арганізавалі кампанію зваротаў па беларусізацыі галоўнага аўтавакзала вобласці. Дырэктар прадпрыемства „Гомельаблаўтатранс” Дзмітрый Старасценка падзякаваў грамадзянам за патрыятычную пазіцыю ў адмысловых адказах, а неўзабаве на будынак вакзала вярнуліся надпісы на роднай мове. Адзін з ініцыятараў кампаніі Ігар Случак прыемна здзіўлены аператыўнай рэакцыяй чыноўнікаў.

– Галоўная шыльда аўтавакзала зменена на беларускамоўную. Унутры вакзала таксама надпісы часткова прадубляваныя. Асноўная інфармацыя – прадублявана. Калі я пісаў звароты, то не думаў, што да іх прыслухаюцца. Бо звычайна ў такіх выпадках ідуць адказы, што справа зроблена, грошай няма; што, магчыма, калі-небудзь яны іх прадублююць, як з’явяцца грошы.

Гомельскі аўтавакзал пазбавіўся надпісаў на роднай мове пасля нядаўняй рэканструкцыі.

Гэтую змену спачатку заўважыў карэспандэнт „Камсамольскай праўды” Павел Міцкевіч.

Пасля публікацыі ў выданні гамельчукі сталі масава пісаць лісты ў дырэкцыю „Гомельаблаўтатранса”, што дало пазітыўны вынік.

287473_2

287473

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота kp.by