Рынкі ДНР і ЛНР забітыя беларускімі прадуктамі
Кошты на беларускія прадукты вышэйшыя, чым на аналагічныя ўкраінскія і расейскія. Тым часам украінскіх прадуктаў у непрызнаных рэспубліках стала значна менш. Гэта звязана найперш з таварнай блакадай ДНР і ЛНР, якую распачалі ўкраінскія ўлады, а таксама з хабарамі, якія вымантачваюць на блок-постах сепаратыстаў нават за некалькі кілаграмаў украінскай каўбасы.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Украінскія прадукты на рынках Данецка і Луганска цяпер знайсці вельмі цяжка. Каштуюць яны, як замежныя. Так, напрыклад, кілаграм сасісак украінскай вытворчасці каштуе ў Данецку 120 грыўняў, і гэта прытым, што ў суседнім Славянску, які кантралюецца ўкраінскімі ўзброенымі сіламі, яны прадаюцца па 50 грыўняў. Кілаграм украінскага цукру каштуе 25 грыўняў пры сярэднеўкраінскім кошце 13 грыўняў.
Затое ці не на кожным прылаўку можна знайсці прадукты беларускай вытворчасці. Гэта найперш сметанковае масла, згушчанае малако, цукеркі, крупы і нават піва. Кошты на беларускія прадукты ў сярэднім на 20-25% вышэйшыя за аналагічныя расейскія, якія таксама прадаюцца на рынках непрызнаных рэспублік.
Беларускія прадукты трапляюць на рынкі ДНР і ЛНР транзітам праз Расейскую Федэрацыю, чым і тлумачацца іх высокія кошты.
Большасць жыхароў непрызнаных рэспублік, аднак, не можа дазволіць сабе прадукты нашай вытворчасці з-за мізэрных зарплат і высокай аплаты камунальных паслуг.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота segodnya.ua