Віктар Марціновіч: Праз рускі свет мяне ўспрымаюць, як бандэраўца



На сустрэчы ў Варшаве вядомы беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч акрэсліў сённяшні стан заняпаду беларускай культуры, як канец беларускага рэнесансу. Адным з чыннікаў такой тэндэнцыі, пісьменнік лічыць уплыў рускай прапаганды на беларускае грамадства:

— Восемдзесят адсоткаў беларусаў глядзяць расейскае тэлебачанне і спажываюць гэтую прапаганду. Калі год таму, я апеляваў да людзей на беларускай мове, я адчуваў нейкае спачуванне, а цяпер праз гэты «рускі свет», які пашыраецца, я пачынаю успрымацца, як сапраўдны бандэравец.

 

Акрамя таго пісьменнік выказвае занепакоенасць, што мода на вышыванкі, як і кожная мода, хутка сыдзе, а тыя людзі, якія патрапілі ў яе выпадкова, сыдуць разам з ёй.

Віктар Марціновіч падзяліўся сваім рэцэптам, як захаваць мову.

— Трэба проста выкарыстоўваць мову, і быць пры гэтым вельмі галантнымі і далікатнымі. Трэба, сваім знешнім выглядам і манерамі, тлумачыць і паказваць прыклад таго, што калі чалавек размаўляе на мове, дык гэта выкшталцоны гараджанін і чалавек, з якога хочацца браць прыклад.

 

Пісьменнік лічыць, што пакуль не позна, беларускую мову, як мага хутчэй, неабходна дэпалітызаваць і зрабіць яе культурным артэфактам.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя