Ці патрэбны Беларусі расейскія авіябазы?



У Расеі ізноў узгадалі пра размяшчэнне авіябазаў у Беларусі. Ці патрэбны яны нашай краіне, і ці не ёсць гэта пагроза для беларускага суверэнітэта?

Расейская авіябаза размесціцца ў Баранавічах, а не ў Лідзе. Пра гэта днямі заявіў галоўнакамандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Расейскай Федэрацыі генерал-палкоўнік Віктар Бондараў.

„У Лідзе мы ніколі не планавалі, у Баранавічах будзе. Чакаем рашэння міжурадавай камісіі”, – цытуюць словы Бондарава расейскія СМІ. Генерал пацвердзіў, што на базе будуць размяшчацца знішчальнікі Су-27.

Нагадаем, што яшчэ ў мінулым годзе міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў аб планах расейцаў размясціць на тэрыторыі Беларусі ў 2015 годзе авіяполк.

Лідар апазіцыйнай партыі “Справядлівы свет” Сяргей КАЛЯКІН не бачыць ніякай пагрозы для краіны ў прысутнасці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.

“Сёння паміж Беларуссю і Расеяй існуе Саюзная дамова, у якой у тым ліку прадугледжваецца і пагадненне па ваеннаму супрацоўніцтву, – кажа спадар Калякін.Я думаю, што такая дамова карысная для краіны і не бачу тут ніякай пагрозы для суверэнітэта. Таму што сама па сабе прысутнасць авіябазы не з’яўляецца пагрозай. Калі так меркаваць, то тады трэба задавацца і пытаннем: ці не з’яўляецца прысутнасць войскаў НАТА на тэрыторыі Германіі пагрозай для яе незалежнасці? Размяшчэнне войскаў – гэта адно, а ваенная пагроза – зусім іншае”.

А вось у намесніка старшыні руху “За свабоду” Юрася ГУБАРЭВІЧА з гэтай нагоды процілегла іншая пазіцыя.

Юрась Губарэвіч: У святле апошніх украінскіх падзей расейскія войскі нясуць патэнцыйную пагрозу, бо знешняя палітыка Крамля стала досыць агрэсіўнай. Масква спрабуе развязаць паўнамасштабны канфлікт ва Украіне і ў выпадку, калі гэта атрымаецца і туды будуць уведзены вайсковыя сілы іншых дзяржаў, то падобная сітуацыя можа перакінуцца і на тэрыторыю Беларусі. Таму, калі карыстацца здаровым сэнсам, мы наадварот мусім скарачаць вайсковую прысутнасць Расеі на нашай тэрыторыі. Расея не нас збіраецца абараняць. Яна дбае выключна пра свае інтарэсы. І ў выпадку нейкіх супярэчнасцей з кіраўніцтвам Беларусі вайсковая прысутнасць можа быць выкарыстана, каб навязаць сваю палітыку. Хоць у Беларусі ёсць сілы, якія лічаць, што геапалітычны выбар краіны павінен быць зроблены на карысць Расеі і бачыць яе асноўным саюзнікам.

РР: Наогул, ці ёсць сёння нейкая знешняя пагроза для Беларусі?

Юрась Губарэвіч: Думаю, яна можа сыходзіць з боку Расейскай Федэрацыі.

РР: Беларусь атрымае нейкія прэферэнцыі ад Крамля за размяшчэнне на сваёй тэрыторыі авіябазаў?

Юрась Губарэвіч: Напэўна, яны ёсць, але знаходзяцца выключна ва ўзаемаадносінах кіраўніцтва Беларусі і Расеі. Беларускі бок выгандлёўвае для сябе пэўныя эканамічныя бонусы, і сёння ён з’яўляецца адзіным саюзнікам Крамля ў рэгіёне. Таму ў кароткатэрміновай перспектыве гэтая сітуацыя ў нейкай ступені на руку афіцыйнаму Менску. Але ў цэлым ёсць над чым паламаць галаву і беларускай ўладзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя