Хрэшчацік – сталіца Кіева
Калі сярэднестатыстычнага міліцыянта з менскага праспекта Пераможцаў выправіць на патруляванне Хрэшчаціка, то такі міліцыянт, напэўна, завр’яцее ўжо праз колькі хвілінаў.
На галоўнай вуліцы Менска забаронена ўсё, што не дазволена. На галоўнай вуліцы Кіева дазволена ўсё, што не забаронена. Ну хіба вы можаце ўявіць, каб стомлены менчук проста паклаўся на ходнікі, і яго б за гэта не забралі ў пастарунак? Каб па вуліцах хадзілі клоўны на хадулях? Ці каб вулічныя музыкі спявалі ў падземным пераходзе з’едлівыя песні пра ўкраінскага прэзыдэнта, а праваахоўнікі пляскалі ім у далоні і нават кідалі грошы ў футаралы?
Дарэчы, праваахоўнікі на Хрэшчаціку цяпер не тыя, што былі яшчэ поўгады таму. Новая ўкраінская паліцыя стрыманая, дабразычлівая і вельмі паважае законы. На маіх вачах уладальнік няправільна прыпаркаванага “Лексуса” голасна дэкляраваў, што ён з Генпракуратуры і нават дэманстраваў адпаведныя дакументы, пагражаючы “пасадзіць мянтоў за непавагу”. Старшы патрульны адразу выклікаў дапамогу і паабяцаў надзець на хаблаватага супрацоўніка Генпракуратуры кайданкі.
Па святах і выходных амаль увесь Хрэшчацік становіцца пешаходнай зонай. Турыстаў і проста разявакаў тут куды больш за кіеўлянаў. Спакусы – ці не на кожным кроку: ад тэлевізійных шоў, якія ладзяцца ў прамым эфіры, да бескаштоўных канцэртаў украінскіх і еўрапейскіх пап-зорак, якія арганізуе мясцовая мэрыя.
Але жыць на Хрэшчаціку вельмі тлумна – па выходных ад рана да рана там гучыць музыка. Дый і задорага: яшчэ ў дзевяностыя гады кватэры тут пачалі скупляць заможныя канадскія ўкраінцы, якія і паднялі планку коштаў на нерухомасць. Сярэдняя двухпакаёўка на Хрэшчаціку каштуе цяпер каля 250 000 даляраў.
Калі будзеце ў Кіеве на выходных – не пашкадуйце часу, прагуляйцеся галоўнай вуліцай Украіны. А калі вы стоміцеся, прысядзьце ў якой вулічнай кавярні, прымружце вочы і паспрабуйце ўявіць, што гэта – галоўная вуліца Менска ў недалёкай будучыні…
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя