Рышард Чарнецкі не выключае, што расейцы ўвойдуць ва Украіну
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта Валеры Чалы заявіў, што Украіна не прапусціць расейскую дапамогу, калі яна будзе суправаджацца вайскоўцамі. Канвой з амаль трохсот расейскіх грузавікоў вырушыў ва Украіну сёння раніцай.
Еўрадэпутат Рышард Чарнецкі не выключае, што расейскія вайскоўцы ўсё ж увойдуць ва Украіну:
– Гэта сцэнар, які не трэба выключаць, таму Захад павінен думаць, што зрабіць, калі гэты гуманітарны канвой будзе абстраляны, бо абстрэл будзе нагодай для ўварвання. Што тады Захад – Еўразвяз, ЗША, павінны зрабіць, якія санкцыі павінны быць уведзены? Напрыклад, выключэнне з Рады Еўропы ці з АБСЕ.
Украінскія і заходнія афіцыйныя асобы выказалі заклапочанасць тым, што Расея можа выкарыстаць гуманітарную дапамогу як падставу для адпраўкі войскаў ва Усходнюю Украіну, дзе ўрадавыя сілы вядуць барацьбу з прарасейскімі сепаратыстамі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя