На БТ прайшлі дэбаты без двух кандыдатаў
На дэбатах адсутнічаў Аляксандр Лукашэнка, а Сяргея Гайдукевіча замяняў яго сын – Алег.
Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на тэледэбатах абвінавацілі адзін аднаго ў кумаўстве, непавазе да нацыянальнай культуры і заклікаў да „майдана”.
Таццяна Караткевіч, звяртаючыся да Алега Гайдукевіча сказала:
„Сяргей Гайдукевіч яшчэ не стаўшы прэзідэнтам, ужо ігнаруе людзей і не выступіў на тэледэбатах. Чаго чакаць ад такога прэзідэнта? Адказ просты – кумаўства і непавагі да людзей. Уявіце такую сітуацыю, Алег, ваш бацька становіцца прэзідэнтам, што ён вам аддасць?„.
На пытанне Гайдукевіч заявіў, што яго сюды накіраваў „не кандыдат у прэзідэнты, а партыя”. „Мяне людзі абралі, а не прызначылі. Вам цяжка пра гэта разважаць, у вас няма за плячыма ні партыі, ні палітычнай сілы. Вы наогул нічога не ведаеце аб палітычным кіраванні„, – заявіў ён.
Караткевіч спытала ў атамана Мікалая Улаховіча адкуль у яго такая непавага да беларускай культуры, нагадаўшы, што ў адным з інтэрв’ю дадзены кандыдат „аддаў” палякам выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча.
У адказ Улаховіч заявіў, што ён супраць таго, каб адрываць беларускую культуру ад вялікай рускай культуры.
„Я б не выключыў і ўкраінскую культуру. Тое, што было заваявана ў савецкае жыццё, яно павінна застацца за намі„, – дадаў кандыдат.