У Саколцы прыгадалі кампазітара Яна Тарасевіча
Вяртаецца памяць пра кампазітара Яна Тарасевіча з Сакольшчыны, які пакінуў пасля сабе больш за 100 кампазіцый і адзін незавершаны канцэрт.
У будынку кіно „Sokół” прайшла вечарына на якой аўтарка кнігі пра Яна Тарасевіча Ганна Кандрацюк-Свярубская прыгадала постаць славутага земляка.
Сустрэчу дапоўніў канцэрт твораў Тарасевіча, кажа піяніст Шымон Борыс:
– У яго музыцы чутны ўплыў польскай музыкі, напрыклад, Фрыдэрыка Шапена, а таксама народнай беларускай ды мясцовай музыкі. Гэта вельмі чуваць, зрэшты, кампазітар сам збіраў гэтыя мелодыі, цікавіўся гэтым.
Падчас мерапрыемства дэманстраваўся фільм Юрыя Каліны, а моладзь з Беласточчыны выканала перад сакольскай публікай некалькі твораў кампазітара.
Ян Тарасевіч нарадзіўся ў Саколцы 23 верасня 1893 года. Музычную адукацыю атрымаў у Пецярбургу. Удзельнічаў у стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Працаваў у беларускай школе ў Гародні. Затым жыў пераважна на Сакольшчыне.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара