Атакі на незалежныя СМІ сталі ўжо традыцыйнымі



Факт блакіроўкі Naviny.by і БелаПАН яшчэ раз падкрэслівае, што ніякіх зменаў, ніякай лібералізацыі ў краіне няма. “Атакі на незалежныя СМІ, на жаль, сталі традыцыйнымі”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, падкрэсліўшы, што за гэтымі злачынствамі, відавочна, ёсць след беларускіх спецслужбаў:

– Нібыта DdoS-атака вядзецца невядомымі. Але за гэтымі невядомымі тырчаць асліныя вушы беларускіх службаў. На жаль, гэта не першы раз, калі блакуюцца незалежныя сайты. Нагадаю, у канцы мінулага года нахабна, брутальна былі заблакаваны асноўныя інфармацыйныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь. На нашы скаргі з МВД прыйшоў адказ з пагрозамі ў дачыненні да мяне і іншых падпісантаў звароту, што нібыта мы будзем несці адказнасць за тое, што звяртаемся не “па адрасе”. Маўляў, МВД не мусіць займацца тым, што адбываюцца DDoS-атакі на беларускія СМІ, бо злачынства здзяйсняецца ў інтэрнэце.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты патрабуюць спыніць блакіроўку незалежных СМІ Naviny.by і БелаПАН. Доступ да гэтых рэсурсаў блакуецца з пятніцы, 2 кастрычніка. Атакі на незалежныя СМІ за тыдзень да дня галасавання з’яўляюцца абуральным фактам парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, права на свабоду распаўсюду і доступу да інфармацыі. Заклікаем беларускія ўлады неадкладна прыняць меры дзеля забеспячэння доступу грамадзян Беларусі да гэтых рэсурсаў, пазначана ў звароце БХД.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя