На арганізатараў «Народнага сходу» склалі пратаколы



Складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях падчас акцыі апазіцыі ў Менску можна расцэньваць як умяшальніцтва міліцыі ў ход масавага мерапрыемства. Такую выснову зрабілі назіральнікі закрытага ўладамі Праваабарончага цэнтру „Вясна” ў справаздачы па выніках народнага сходу „За мірную, нейтральную Беларусь», які адбыўся 4 кастрычніка ля сталічнай ратушы.

Па словах праваабаронцы Насты Лойкі, “Вясна” зафіксавала не адзінкавыя парушэнні падчас акцыі з боку праваахоўных органаў.

– У нас было дастаткова шмат стандартных заўваг, якія мы ўвесь час выказваем. Супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічаюць на месцы схода, не абазначаныя ні вопраткай, ні бэйджам, ні індыфікацыйным нумарам, і калі што, нават немагчыма знайсці да каго звярнуцца пры нейкім інцыдэнце. Хоць асноўная функцыя па міжнародным праве – гэта ахова саміх дэманстрантаў. Па-другое, сам факт складання пратакола не адпавядае міжнародным стандартам на свабоду сходаў. З іншага боку, складанне пратаколу на месцы – гэта значна лепшая практыка, чым затрыманне людзей.

Па дадзеных назіральнікаў, пратаколы былі складзеныя на лідара Руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзіміра Някляева, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, экс-палітвязня Мікалая Статкевіча, актывіста апазіцыі з Кобрыня Алеся Меха і мастака Аляксея Марачкіна.

На актывіста Максіма Вінярскага, па інфармацыі „Вясны”, пратакол не складалі, а толькі перапісалі яго пашпартныя дадзеныя. Назіральнікі таксама звяртаюць увагу, што пры складанні пратаколаў супрацоўнікі міліцыі не тлумачылі правы і абавязкі асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, не тлумачылі сутнасць правапарушэння.

Перашкод для працы СМІ і назіральнікаў, на думку праваабаронцаў, падчас акцыі не было, «толькі пры камунікацыі з супрацоўнікамі міліцыі адзін з іх спрабаваў даказаць незаконнасць назірання».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя