Аляксандр Сасна: Буду старацца і рабіць з Вамі і для Вас



25 кастрычніка Падляшша будзе выбіраць сваіх прадстаўнікоў у польскі Сейм і Сенат. Ужо чарговыя выбары, калі беларусы не выстаўляюць свайго выбарчага камітэта. Кандыдаты ў парламент, якія спадзяюцца на галасы, між іншымі, і беларускага электарату стаяць у партыйных спісах: Аб’яднаных Левых спісаў — Аляксандр Сасна, Грамадзянскай платформы — Адам Мусюк, Польскай Сялянскай партыі — Яраслаў Матвеюк.

У нашай студыі Аляксандр Сасна – дэпутат Сейма, колішні віцэ-прэзідэнт Беластока, грамадскі дарадчык прэзідэнта Польшчы па справах меншасці.

сасна_2

РР: Што спрычынілася, што вы перайшлі ў іншы партыйны клуб?

— Як футбаліст. У выбарчы спіс ад партыі Грамадзянская платформа я не трапіў. І тады падумаў, я ж дэпутат, і, можа, яшчэ нешта зраблю і некалі добрае слова пра мяне скажуць. Таму трэба паспрабаваць другі раз стаць дэпутатам. Да мяне звярнуліся і з правага, і з левага боку, і з сярэдзіны. Я думаю, з Аб’яднаных левых сілаў мне бліжэй да нашых людзей, да нашага асяроддзя, да беларусаў, да праваслаўных, чым ісці з правага боку ці ад Грамадзянскай платформы.

РР: І наколькі гэтая прапанова левых дэмакратычных сілаў была займальнай?

— Я лічу, што месца не мае значэння, бо ў Сейм уваходзяць і з першага і з дзясятяга месца. У 2011 я быў на дзясятым месцы і набраў 7645 галасоў і тады мне не хапіла 459 галасоў, каб стаць дэпутатам. А сёння я на 3-м месцы і хачу падкрэсліць, што гэтае месца заўсёды было для Яўгена Чыквіна, які сёлета праводзіць ужо 9-ю кампанію. Ён ідзе ў Сенат, а мне пакінуў месца на дэпутата. Я буду старацца, каб так, як Яўген Чыквін, які столькі гадоў быў у польскім сейме, і працаваў і для беларусаў і для праваслаўнай царквы, пайсці ягоным шляхам.

РР: А што Аляксандр Сасна хоча зрабіць у Сейме для нашай меншасці?

— Беларусы, праваслаўныя, украінцы, — усе меншасці, — гэта грамадзяне Польшчы. І ўсе праблемы грамадзяніна Польшчы — нашы праблемы. І, можа, крыху больш. Я не абяцаю тор Формулы-1, не абяцаю, што будуць дарогі, ці прыедзе нейкі бізнесмен з Дубая, або Нарыльска. Я толькі абяцаю, што буду старацца рабіць тое, што для нас трэба. Вось, напрыклад, у Гайнаўцы патрэбны газ. І ёсць магчымасць давесці той газ. З Беластоку да Гайнаўкі няма добрай дарогі. Ёсць дэпутаты, якія ўжо трэцюю ці чацвёртую кадэнцыю, але падчас кожнай кампаніі абяцаюць тое самае. Таму я абяцаю толькі, што буду старацца і буду рабіць з Вамі і для Вас.

РР: На які вынік разлічваюць Аб’яднаныя левыя сілы на Падляшшы?

— Я разлічваю, што будуць тры мандаты, а як яно будзе, час пакажа.

РР: Ці вы бачыце сэнс у тым каб будаваць на левым баку палітычнай сцэны нейкі памост з сіламі, звязанымі з хрысціянскай традыцыяй?

— Ёсць прыклад Яўгена Чыквіна, які рабіў многа і для царквы, і для беларусаў, і для ўсіх меншасцяў. Ён быў сябрам СЛД і гэта не замінала яму тут дапамагаць. Мая роля таксама такая.

РР: Прадстаўнікі беларускай меншасці ідуць ад спісаў розных партыяў. Мы забіраем адзін у аднаго галасы, а калі б быў камітэт нацыянальных меншасцяў са зніжаным парогам шанец увесці аднаго-двух прадстаўнікоў у Сейм быў бы большы.

— Такая думка была перад тымі выбарамі, але, як заўсёды, ўсе між сабой пасварыліся. Можна сказаць так: свой камітэт — два дэпутаты, а цяпер, з розных спісаў, можна мець чатырох дэпутатаў. Я прашу толькі людзей, каб прыйшлі галасаваць. Нас вунь колькі: 50 тысячаў беларусаў паводле перапісу, плюс да іх 10-15 тысячаў, якія не падалі беларускай нацыянальнасці, але лічаць сябе беларусамі. Праваслаўных, якія могуць прагаласаваць, 100 тысячаў. То бок, 50-60 тысячаў на чатыры спісы з нашымі кандыдатамі, і кожнаму па 15 тысяч галасоў. Гэтага дастаткова, каб стаць дэпутатам. А са спісу ўласнага камітэту было б толькі двое.

РР: Але есць таксама пагроза, што не пройдзе аніводзін з гэтых кандыдатаў.

— Не. Мы верым, што пройдзе. Калі не два, дык можа адзін, калі не трое, дык можа два. Я разлічваю, што 2 нашых кандыдаты дакладна пройдуць.

Галоўнае, лічыць Аляксандр Сасна , каб нашы слухачы пайшлі галасаваць, а мандаты нашых прадстаўнікоў тады амаль гарантаваныя.

Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным файле.