На Берасцейшчыне фіксуюць першыя парушэнні
Першыя парушэнні выбарчага заканадаўства ў час датэрміновага галасавання фіксуюць на Берасцейшчыне прадстаўнікі кампаніі “Права выбару”.
“У амаль 20-ці ўчастковых камісіях незалежным назіральнікам адмовілі ў адкрытым падліку галасоў. Акрамя таго, складзеныя скаргі і заўвагі адносна таго, што памяшканне, у якім будуць захоўвацца скрыні для галасавання, належным чынам не апячатваецца”, – кажа адна з каардынатараў кампаніі па назіранні ў вобласці Святлана Алесюк:
– Паглядзім, што будзе далей. Скаргі напісаны, калі рэакцыі з боку старшынь камісій, на якіх ускладзена адказнасць па захаванні скрыняў для датэрміновага галасавання, калі рэакцыі не будзе, значыць мы будзем звяртацца са скаргамі ў тэрытарыяльную камісію. Хацелася б, каб памяшканні апячатваліся.
“І тады мы будзем упэўненыя, што тыя галасы, якія аддадуць людзі за таго ці іншага кандыдата – не знікнуць або не будуць страчаныя, і вынікі выбараў будуць аб’ектыўнымі”, – дадала каардынатар.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце