У Парэччы жыве памяць пра Рамана Скірмунта
У палескай глыбінцы, у вёсцы Парэчча, роўна 76 гадоў таму адбылося забойства аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага руху, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта. Яго забілі трое мясцовых бальшавікоў, нават не маючы на тое загаду, па дарозе на Пінск, дзе і пакінулі цела. Але ўдзячныя сяляне пад пагрозай смерці вырашылі годна пахаваць забітага.
Кажа жыхарка Парэчча Антаніна Сідарук:
– Людзі вырашылі, што трэба пахаваць па-чалавечы. Так гаварылі ў нас. Акольнымі шляхамі прывезлі, бо баяліся, што могуць нешта зрабіць. Баяліся людзі. А забойцамі ў той час былі парэцкія гультаі, якія не хацелі рабіць, думалі, што савецкая ўлада для іх прынясе ўсё.
Магіла Рамана Скірмунта знаходзіцца ў створаным жа ім парэчанскім парку, адзначае намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
– Праходзім праз парк, падыходзім да магілы. І кожны сам сабе разважае: што такое жыццё, што такое заслугі перад Радзімай, што такое любоў сваіх землякоў. Можна задумацца, якія ж падзеі ў 39-40-х гг. праходзілі тут, на Палессі, калі тыя людзі, якія былі гонарам краю, першымі пайшлі на смерць.
У апошнія гады постаць Скірмунта ўсё больш цікавіць даследчыкаў, грамадскую супольнасць. Гісторык з Гародні Алесь Смалянчук рыхтуе да друку кнігу пра жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск