Кошт пытання
„Нішто апошнім часам не выклікала такой пратэстнай хвалі ў беларускім грамадстве, як інфармацыя пра магчымае размяшчэнне расейскай ваеннай базы ў Беларусі” — лічыць паэт, старшыня аргкамітэту па стварэнню Руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць Белаурсі” Уладзімір Някляеў. Кіраўніка Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдані заявіў, у прыватнасці, што зараз „нам не патрэбная база” і што ён нічога не ведае пра яе стварэнне.
Па словах Уладзіміра Някляева, пагроза з’яўлення базы ў Беларусі могла паўплываць на прэзідэнцкую выбарчую кампанію, у тым ліку на яўку, а таксама на далейны палітычны лёс Лукашэнкі. Ёсць яшчэ знешні стрымліваючы чыннік — перамовы з Еўразвязам:
– Два гэтыя чыннікі – унутрыпалітычны і знешнепалітычны – вельмі нявыгадныя і няўтульныя для Лукашэнкі, змусілі зрабіць гэтую заяву, якую ўсур’ёз проста немагчыма ўспрымаць. Бо ўсе ведаюць пра дакументы, падпісаныя ягоным калегам Пуціным, адносна ваеннай базы Расеі ў Беларусі, пра вынікі іхных перамоваў у Сочы, дзе было наўпрост сказана пра вырашэнне пытання расейскай базы.
Але нельга выключаць, што заява Аляксандра Лукашэнкі з’яўялецца пачаткам гандлю з Пуціным за кошт пытання. Пуцін лічыць, што Беларусі ўжо дастаткова заплачана, каб без праблем размясціць базу на яе тэрыторыі. А Лукашэнка дае зразумець, што не, — раней плацілася за іншае. А зараз за базу, за прынцыповае для Расіі пытанне трэба заплаціць яшчэ больш, — лічыць Уладзімір Някляеў.
* * *
Заява Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён нічога не ведае аб размяшчэнні расейскай ваеннай базы ў Беларусі і не вёў ні з кім перамоваў на гэты конт, — усяго толькі словы. А факты сведчаць пра іншае, — лічыць старшыня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька.
Альбо ён хлусіць, альбо ён згубіў кантроль над сітуацыяй. Таму што дыялог паміж уладамі Расеі і Беларусі на гэты конт ідзе ўжо даўно.
– Яшчэ напрыканцы мінулага года я рабіў адмысловы запыт наконт прысутнасці расейскіх летакоў на тэрыторыі Беларусі. І мне тады пацвердзілі, што так, летакі знаходзяцца ў Баранавічах, ёсць цэлая расекйская эскадрылія. Гэты ліст падпісаў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Двігалеў. Ён тады ўжо пацвердзіў, што расейскія летакі de facto існуюць.
У адказе была спасылка на дамову паміж Беларуссю і Расейскай Федэрацыяй аб сумеснай ахове знешняй мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы. Такім чынам, расейскія самалёты ўжо тады знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. А зараз ідзе размова пра тое, каб падвесці пад гэтае знаходжанне юрыдычны падмурак.
Працэс пакуль прыпынены. У многім з-за негатыўнай рэакцыі беларускага грамадства на магчымасць размяшчэння чужой базы на нашай тэрыторыі. Па словах Анатоля Лябедзькі, гэта не абрадуе Пуціна, і з боку Крамля ціск узмацніцца. Аднак яго паспяховасць апынецца ў залежнасці ад таго, наколькі ўдала будуць складацца адносіны Лукашэнкі і Захада.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя