Заказнік „Мазырскія яры” завалены смеццем



Жыхары Мазыра пераўтвараюць ландшафтны заказнік „Мазырскія яры” ў несанкцыянаваны сметнік. Прама каля прыватных дамоў, якія мяжуюць з прыродным помнікам, утварыліся звалкі побытавых адкідаў, пластыкавых бутэлек і поліэтылену.

3

Гамяльчанка Ксенія Чындарава разам з сябрамі паехалі паглядзець на ландшафтны заказнік „Мазырскія яры”, а ўбачылі замест маляўнічых узгоркаў кучы смецця. Несанкцыянаваныя звалкі адкідаў, недахоп інфармацыйных стэндаў і турыстычных дарожак – так выглядае цяпер помнік прыроды ў некаторых месцах.

„Мы ведалі, што ў заказніку знаходзіцца мноства рэдкіх раслінаў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу. Але калі мы ўрэшце яго знайшлі, то былі ўражаныя абыякавым стаўленнем мясцовых людзей да прыроднага аб’екта. Зразумела, калі залазіш на ўзгорак і бачыш там пустыя бутэлькі з-пад піва, гэта не выклікае станоўчых адчуванняў. Паміж дамамі, непасрэдна ў саміх гэтых ярах, знаходзяцца вялікія звалкі смецця”, — дзеліцца ўражаннямі Ксенія Чындарава.

2

Паводле галоўнага ляснічага Мазырскага вопытнага лясгасу Сяргея Тарасава, у асноўным засмечваюць заказнік мясцовыя жыхары, нягледзячы на тое, што ў заканадаўстве за гэта прадугледжаныя штрафы.

„У нашым заканадаўстве прадугледжаныя санкцыі за забруджанне леса смеццем альбо воднымі сцёкамі. Звычайны чалавек за такую правіну можа атрымаць да 20 базавых велічыняў, прадпрымальнік – да 50 базавых, а юрыдычная асоба — да 300 базавых. Але гэтыя меры часта не спыняюць безадказных людзей”, — заўважае ляснічы.

Агульная плошча заказніка складае больш за 1 тысячу гектараў, а пэўныя яго ўчасткі знаходзяцца фактычна ў рысе 100-тысячнага горада. З-за гэтага заказнік адчувае падвышаную нагрузку ад антрапагеннага фактару.

1

Сяргей Тарасаў:

– Апошнія некалькі гадоў актыўна сталі ўсталёўваць смеццевыя кантэйнеры. І населеныя пункты, і дачныя таварыствы абавязаныя сачыць за чысцінёй. Спадзяемся, што людзі будуць больш свядома і адказна ставіцца да прыроды.

Ксенія Чындарава мяркуе, што мазырскі ландшафтны заказнік мае велізарны турыстычны патэнцыял, які не выкарыстоўваецца з-за адсутнасці інфраструктуры і абыякавасці жыхароў.

„Трэба ўсталяваць шыльды ў самім горадзе і ў самім заказніку, каб турысты маглі без асаблівых складанасцяў знаходзіць аб’ект. Яшчэ не хапае абсталяваных дарожак і парэнчаў бяспекі ля некаторых яроў. Але гэтыя высілкі не прынясуць плёну, калі не будзе звернутая ўвага на стан заказніка, на яго экалогію”, – падсумоўвае Ксенія.

Ландшафтны заказнік „Мазырскія яры” быў створаны ў 1986 годзе. Тут растуць каля 980 відаў раслінаў, з якіх толькі лекавых зёлак – 106 відаў.  Блізу 20% беларускіх чырвонакніжных раслінаў можна сустрэць менавіта ў „Мазырскіх ярах”.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Ксенія Чындарава