Міхаіл Чыгір: Для аптымізму нагоды няма



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір прагназуе, што чакае беларускую эканоміку ў бліжэйшы час.

Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір (Фота svaboda.org)

Міжнародны валютны фонд пагоршыў прагноз эканамічнага спаду ў Беларусі. МВФ прагназуе, што зніжэнне ВУП Беларусі будзе большым, чым чакалася раней. Паводле новай ацэнкі фонду, ВУП Беларусі ў 2015 годзе можа знізіцца на 3,6%.

Новы прагноз МВФ прыводзіцца ў кастрычніцкай справаздачы фонду World Economic Outlook.

Міхаіл Чыгір: Я лічу, што і на самай справе для аптымізму нагоды няма. Беларускую эканоміку чакаюць няпростыя часы і выпрабаванні. Пакуль, да выбараў, яе яшчэ нейкім чынам падтрымліваюць, але затым пагаршэнне будзе адчувальным. Павялічыцца беспрацоўе, беларускі рубель, калі і пратрымаецца на гэтым узроўні, то да Новага году.

РР: У апошнія дні рубель наадварот узмацняецца ў адносінах да даляра і еўра…

Міхаіл Чыгір: Гэта часовыя ваганні, а трэба глядзець на нашы рэзервы. З такімі рэзервамі ўмацоўваць нацыянальную валюту вельмі небяспечна.

РР: Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што беларуская эканоміка наўпрост залежыць ад расейскай. Можа быць, калі ў Расеі пройдзе крызіс, то і ў Беларусі палепшыцца эканамічны стан?

Міхаіл Чыгір: Тут трэба разумець, што Беларусь – самастойная дзяржава, а ў кожнай краіне – свая эканоміка. Так, у Расею скараціўся экспарт, але ж гэта не азначае, што мы цалкам залежныя ад усходняга суседа. Цалкам залежым мы толькі самі ад сябе.

РР: Калі Захад прызнае гэтыя выбары, можа быць, там з’явяцца новыя рынкі для беларускай прадукцыі?

Міхаіл Чыгір: З’яўленне новых рынках не залежыць ад прызнання ці непрызнання выбараў. Будуць прымальныя якасць і кошт тавараў – і без гэтага знойдуцца новыя рынкі. Іншая справа, што легітымізацыя ўлады можа паўплываць у нейкай ступені на заходнія крэдыты, але знешні доўг і так ужо вялікі. У рэшце рэшт, не будуць жа пастаянна даваць, як кажуць, “на вексэль”, калі эканоміка не будзе змяняцца. Рэформы неабходны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя