Жыццё пасля выбараў
Беларусь дажыла да моманту ікс – да прэзідэнцкіх выбараў. Улады ўсе сілы кінулі на тое, каб гэты момант ікс прайшоў па іхнім сцэнары. А пасля гэтага – хоць трава не расці. Аднак многія задаюцца пытаннем, а што будзе, калі адгрымяць усе гэтыя канцэрты на выбарчых участках, а Лідзія Ярмошына агучыць вынікі чарговай элегантнай перамогі.
Пачну з добрай навіны. Постапакаліптычная карціна не чакае Беларусь у бліжэйшыя месяцы. У беларускіх гарадах і вёсках вас не будуць, як у стужцы “Walking dead”, чакаць мерцвякі-зомбі, каб паспрабаваць зжэрці часткі вашага цела. Нас не чакае доўгая зіма з белымі хадакамі, што абезгалаўліваюць людзей, як у серыяле “Гульні тронаў”. Тры месяцы з адлігамі і часам марозам максімум -30 – вось і ўся беларуская зіма, пасля якой абавязкова прыйдзе вясна. Карацей, апакаліпсісу пасля выбараў не будзе. З чым вас і віншую.
А цяпер – кепская навіна. Калі хадакоў і зомбі чакаць не выпадае, то рост цэнаў – гэта акурат тое, што здарыцца пасля выбараў. Калі да галоўнай электаральнай падзеі цэны стрымліваліся штучна і з усяе сілы. То пасля выбараў рабіць гэтага не атрымаецца. Папаўзуць уверх камунальныя плацяжы, цэны на прадукты і праезд у пасажырскім транспарце. То бок, цэны вырастуць на ўсё, што толькі магчыма і немагчыма. А ўлічваючы, што сезон лецішчаў скончыўся і падсілкаваць свой жывоцік памідоркамі ды кабачкамі з градаў не атрымаецца, то пасля выбараў паступова прыйдзе ацверазенне.
Ну, і самая прадказальная навіна – гэта, хто будзе кіраваць пасля выбараў. Ну, канешне ж ён. А вы ў гэтым сумняваліся? Яго што, дарма па ТВ пастаянна паказваюць?!