Апазіцыянераў выклікаюць у суды за сустрэчы з народам



Аляксея Янукевіча выклікаюць у Цэнтральны РУУС. Анатоль Лябедзька, Алесь Марачкін, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Алесь Таўстыка атрымалі позвы ў Цэнтральны суд Менска на дзвятага кастрычніка. У той жа час кобрыньскі актывіст Алесь Мех атрымаў СМС-паведамленне, падпісанае сакратаркай суда Гарлачовай, пра тое, што Алесь Мех павінен з’явіцца 9 кастрычніка на 10 гадзін на судовае паседжанне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на плошчы Свабоды супраць расейскіх ваенных баз.

– Мы патрабавалі, каб ніводнай расейскай базы на нашай тэрыторыі не было. Улада адказала нам вось гэтымі рэпрэсіямі. Калі яны не кампенсуюць праезд, буду прасіць, каб перанеслі гэтае судовае паседжанне ў горад Кобрынь.

Алесь Мех не лічыць сябе вінаватым. Чытаць і падпісваць пратакол, складзены на яго яшчэ ў час сходу ў Менску, ён не стаў, і лічыць дзеянні ўладаў правакацыйнымі.

Падчас акцыі былі складзены пратаколы на ўсіх палітыкаў і актывістаў, хто выступіў на Народным сходзе.

Беларускае Радыё Рацыя