Святлана Алексіевіч – лаўрэатка Нобелеўскай прэміі
8 кастрычніка ў сталіцы Швецыі назвалі лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Ёй стала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.
„За шматгалосную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час,” – такімі словамі Нобелеўскі камітэт абвесціў беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч пераможцай Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015.
Яе патэнцыйнымі канкурэнтамі сёлета былі Эн Карсан з Канады, Нгугі Уа Тыёнга з Кеніі, Філіп Рот і Дон дэ Ліла з ЗША, Нурудын Фарах з Самалі, Пэтэр Гандке з Аўстрыі, японец Харукі Муракамі.
Летась Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры далі Патрыку Мад’яно. Святлана Алексіевіч таксама называлася сярод фаварытаў.
Уручэнне Нобелеўскіх прэміяў адбудзецца ў Стакгольме 10 снежня. Лаўрэат атрымае $ 953 000.
Announcement of the 2015 #NobelPrize in Literature http://t.co/kzPyYaA8dO
— The Nobel Prize (@NobelPrize) 8 октября 2015
Святлана Алексіевіч: Усё ХХ стагоддзе зводзіла ў нашых краінах цану жыцця да нуля – вялікае і цікавае інтэрв’ю з пісьменніцай, лаўрэатам Нобеля 2015.
„Святлана Алексіевіч заўжды трапляе ў гушчыню падзеяў, у эпіцэнтр дыскусій. Такая яе прырода творчасці – быць там, дзе штосці адбываецца, дзе моцны палітычны, сацыяльны пульс жыцця. Трапіла яна і эпіцэнтр дыскусіі „якой быць Беларусі”. Прыхільнікі беларускай Беларусі крытыкавалі Алексевіч за яе расплывістую, неадназначную пазіцыю ў гэтым пытанні. Але апошнія падзеі ва Украіне істотна перафарматавалі тое пытанне і цяпер яно гучыць інакш: „ці захавае Беларусь сваю незалежнасць?”. А вось ужо ў гэтым пытанні Алексіевіч займае адназначную прабеларускую пазіцыю. І ў адносінах да імперскага „рускага свету”, і ў адносінах да Украіны, і ў поглядах на будучыню Беларусі – еўрапейскай, дэмакратычнай, цывілізаванай, незалежнай краіны. А што тычыцца беларускасці самой Алексіевіч, то варта паглядзець на яе біяграфію. Яе бацька – беларус, яна сама скончыла вясковую школу ў Петрыкаўскім раёне, затым журфак БДУ, затым працавала ў беларускіх газетах (у тым ліку і ў бярозаўскай раёнцы), затым узначальвала аддзел нарысу ў „Нёмане”. Вось на гэтым беларускім „матэрыяле” і паўстала як пісьменьніца, мыслярка і грамадская дзяячка”, – каментуе літаратар Алесь Аркуш.
Беларускае Радыё Рацыя