Прэмія, якая засланіла „пераканаўчую перамогу”



Сёння радасны дзень для Беларусі. Шмат гадоў гаварылася і чакалася: калі ж беларус, беларускі грамадзянін атрымае першую Нобельскую прэмію ў галіне літаратуры. І вось сёння Святлана Алексіевіч была названая лаўрэатам Нобельскай прэміі за 2015 года. Гэтую гістарычную падзею Зміцер Косьцін абмеркаваў з пісьменнікам Алесем Аркушам.

РР: Перадусім, якія эмоцыі былі, калі пачулі гэтае прозвішча?

Алесь Аркуш: Для мяне гэта было такое пачуццё: нарэшце на нашай вуліцы свята. Бо столькі было напісана апошнім часам на гэтую тэму. Як толькі набліжаўся тэрмін абвяшчэння новага лаўрэата – пачыналася ў нашых СМІ дыскусія. Мы доўга абмяркоўвалі, хто варты: ці Быкаў, ці Барадулін, ці Алексіевіч… І столькі дзідаў было зламана ў спрэчках. Але нарэшце мы ведаем імя першага нашага лаўрэата Нобелеўскйа прэміі ў галіне літаратуры: Святлана Алексіевіч.

РР: Сапраўды гэта радасная навіна, але адразу пасля абвяшчэння імя лаўрэата Інтэрнэт, Фэйсбук па-рознаму ўспрыняў гэтую інфармацыю. Некаторыя адразу пачалі шукаць нейкія сумнеўныя цытаты, некаторыя нават напісалі, што не надта радуюцца такому прысуджэнню.

Алесь Аркуш: Праблема ў тым, што Святлана Алексіевіч заўсёды была ў эпіцэнтры розных дыскусій і палемік. У дыскусіі “якой павінна быць Беларусь” прыхільнікі беларускай Беларусі вельмі моцна яе крытыкавалі – і за выказванне, што яна належыць да савейкай расейскай літаратуры, і за некаторыя яе выказванні пра беларускую мову. Гэта моцна паўплывала на імідж пісьменніцы ў Беларусі. Але я думаю, што апошнім часам пытанне асноўнай дыскусіі моцна трансфармавалася, і сёння гучыць наступным чынам: “ці захавае Беларусь сваю незалежнасць?” Дык вось тут Алексіевіч заўсёды была на сваіх цвёрдых пазіцыях – яна прыхільніца незалежнай, дэмакратычнай, цывілізаванай Беларусі. І тут, па-мойму, зусім няма глебы для нейкай дыскусіі.

РР: Як раз пытанне: ці праблема, што Алексіевіч піша не па-беларуску?

Алесь Аркуш: Так, у гэтым і была галоўная прычынай гэтай спрэчкі. Але, па-першае, я думаю, што для замежнага чытача, які прачытае Алексіевіч па-ангельску, па-французску, па-нямецку, не вельмі істотна, на якой мове перашапачаткова быў напісаны той ці іншы твор пісьменніцы. Хутчэй за ўсё гэтая праблема персанальна датычыць нас – грамадзянаў Беларусі і беларускіх пісьменнікаў. Але я думаю, што не з’яўляецца гэта вялікай праблемай. Бо ўсе кніжкі Алексіевіч перакладзена на беларускую мову і можна іх прачытаць па-беларуску. Вось і апошняя яе кніга “Час сэкэнд-хэнд” ёсць у беларускіх кнігарнях, і выйшла яна па-беларуску.

РР: Якое месца, паводле вас, у беларускай літаратуры займае Святлана Алексіевіч? Бо, здаецца, не асабліва яна ангажуецца ў літаратурныя працэсы ў самой Беларусі. Трымаецца крыху з боку.

Алесь Аркуш: На маё адчуваенне, для “карабля” Святланы Алексіевіч у порце беларускай літаратуры няма такой глыбіні… Яна ўвесь час шукае сабе нейкі порт, больш сучасны, больш глыбокі. Таму і не хоча адмаўляцца ад прыналежнасці да вялікай расейскай літаратуры, і падкрэслівае, што нарадзілася ў Савецкім Саюзе і выхавана на пэўных тагачасных культурных каштоўнасцях. Але калі мы згадаем іншых нобелеўскі лаўрэатаў, напрыклад, Віславу Шымборскую, то таксама мусім прызнаць, што яна паэтка далёкай не апазіцыныя.

РР: А калі казаць пра саму творчасць Святланы Алексіевіч, усё ж шмат крытыкі і спробы разабрацца ў гэтым феномене савецкасці, савецкага чалавека. Гэта прасочваецца праз яе творчасць. Ці знайшла яна адказ на пытанне: хто такі савецкі чалавек?

Алесь Аркуш: У дзень прызначэння Святлане Алексіевіч гэтай прэміі як бы сыйшліся зоркі на небе. Алексіевіч упарта ішла да гэтага. Калі мы згадаем мінулы год, то яна таксама лічылася адной з галоўных прэтэндэнтак і была ў дзясятцы асноўных прэтэндэнтаў. У гэтым годзе яна ўжо была абсалютным лідарам. Да таго ж вельмі моцна паўплывалі апошнія падзеі ва Украіне і ў Расеі. На самой справе, усе кнігі Святланы Алексіевіч – гэта даследаванне трансфармацыі савецкай свядомасці. Гэта савецкі чалавек з усімі яго праблемамі і хваробамі. І вось гэтыя хваробы зараз вельмі моцна праявіліся. І людзі ва ўсім свеце хочуць зразумець: адкуль гэта ўзялося, чаму гэта праявілася сёння? І я думаю, што кнігі Святланы Алексіевіч як раз і прысвечаны пошуку адказаў на гэтыя пытанні. Асабліва апошняя кніга “Час сэкэнд-хэнд”, ды і ўсе ранейшыя, пачынаючы ад “Цынкавых хлопчыкаў” пра Аўганскую вайну.

РР: Усе кажуць, што гэта важны знак для беларускай літаратуры, многія каментуюць такім чынам, што з’явіцца цікавасць да беларускай літаратуры,  а не толькі да самой Святланы Алексіевіч, пачнуць глядзець, што ж там яшчэ гэтыя беларусы ствараюць. Паводле вас, якім чынам гэта атаб’ецца на беларускім грамадстве? Ці будзе заўважаным?

Алесь Аркуш: Я сёння ў сваім Фэйсбуку напісаў, што Святлана Алексіевіч – гэта пісьменніца, мыслярка і грамадская дзяячка. І мне адразу задалі пытанне: што яна зрабіла як грамадская дзяячка? Але я лічу, што такі медыйны чалавек, як Святлана Алексіевіч, сапраўды з’яўляецца грамадскім дзеячом, бо ўсё, што прамаўляе – імгненна распаўсюджваецца на ўвесь свет. І тое, што яна будзе гаварыць на розных прэс-канферэнцыях – усё гэта шырока растыражуецца. У гэтым і ёсць яе грамадскі чын – калі ты прамаўляеш і цябе чуюць ва ўсім свеце.

РР: Алесь Бяляцкі для нашага радыё сказаў, што Святлана Алексіевіч заўсёды была паслядоўніцай дэмакратычных поглядаў на свет, на Беларусь. Як думаеце, беларускія ўлады ўвядуць Святлану Алексіевіч у школьную праграму? І ці будуць віншаваць? На сайце дзяржаўнага інформагенства БЕЛТА ёсць інфармацыя, але прыхаваная збоку. На першым месцы ўсё роўна Аляксандр Лукашэнка, які збіраецца пераабрацца на пасаду прэзідэнта ў бліжэйшую нядзелю.

Алесь Аркуш: Я думаю, што гэта вялікі „пракол” арганізатараў выбараў. Не даглядзелі. Трэба было трохі раней іх паставіць, каб гэтая падзея не адбівалася на „запланаваную перамогу”. А цяпер яна ўплывае на выбары. Зразумела не на вынікі, бо вынікі даўно вядомыя, а на нейкі апазіцыйны настрой, на нейкі дух надзеі. Напрыклад, пісьменнік і філосаф Ігар Бабкоў напісаў сёння ў сваім Фэйсбуку, што пасля гэтай падзеі не істотна, каго ў нядзелю абяруць прэзідэнтам.

РР: Напрыканцы нашай гутаркі павіншуем Святлану Алексіевіч ад імя рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя з гэтай перамогай, з гэтай літаратурнай прэмія, з гэтым сусветным прызнаннем!

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя