СБП: У рашэнні даць „Нобеля” Алексіевіч няма палітыкі



Грамадскае аб’яднанне „Саюз беларускіх пісьменнікаў” не звязвае з палітыкай прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

„Я думаю, што гэта не залежыць ад нейкай палітыкі. Святлана Аляксандраўна сапраўды заслужыла гэтую прэмію ўсёй сваёй дзейнасцю, можна сказаць усім сваім жыццём, таму што яна ўсё жыццё як раз дамагалася пацяплення, дзеля гэтага і пісала, і распавядала пра нашу краіну”, – сказаў агенцтву „Інтэрфакс-Захад”старшыня аб’яднання Барыс Пятровіч.

Суразмоўца адзначыў, што ў саюзе з радасцю віталі прысуджэнне Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. „Вельмі шчаслівыя, што гэта нарэшце адбылося. Сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў апошні час было некалькі беларускіх пісьменнікаў, якія, на жаль, не дачакаліся, той жа Васіль Быкаў, той жа Рыгор Барадулін. Я думаю, яны б таксама шчыра парадаваліся за Святлану Алексіевіч”, – падкрэсліў Пятровіч.

„Гэта сапраўднае свята для ўсёй беларускай літаратуры”, – падсумаваў кіраўнік саюза.