Справу Андрэя Бандарэнкі перадалі ў Кастрычніцкі суд сталіцы



У судзе Кастрычніцкага раёна Менску будзе разгледжаная справа былога кіраўніка прыватнай інфармацыйна-асветнай установы «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі.

Як паведаміла ягоная намесніца Алена Красоўская, ён абвінавачваецца ў хуліганстве, хоць гэтае абвінавачанне – надуманае:

– Азнакамленне завершана і дакументы накіраваныя ў суд Кастрычніцкага раёна. Сёння мы даведаліся ў судзе Кастрычніцкага раёна, што ўчора ўвечары дакументы да іх паступілі. Дату судовага паседжання яшчэ не прызначылі, сказалі тэлефанаваць пасля святаў, то бок у панядзелак мы відавочна ўжо будзем ведаць дату пачатка суда над Андрэем.

Следства ўстанавіла тры эпізоды хуліганскіх дзеянняў, учыненых абвінавачваным, два з якіх звязаныя з выкарыстаннем гвалту ў дачыненні да жанчын.

Тры гады таму Бандарэнка заснаваў «Платформу» — арганізацыю, якая займалася абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Два гады таму Бандарэнка ды ягоныя аднадумцы заснавалі новую падобную арганізацыю.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя