Штрафы за ўдзел у акцыі супраць расейскай авіябазы (абноўлена)
“Прыйшоў не абараняцца, а казаць праўду пра гэтую выбарчую кампанію, пра судовую сістэму. Не думаю, што трэба ігнараваць, таму што цішыня – камфортны стан для нашых суддзяў, для так званых сведак”, – так пракаментаваў сённяшні прысуд за акцыю супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых баз Анатоль Лябедзька. Ён быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь, ці 9 мільёнаў рублёў па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі – парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Такое рашэнне прыняў суддзя Цэнтральнага раёна Менска Міхаіл Хома.
– Заўсёды ты вінаваты. Сёння быў гатовы да ўсяго, але спадзяваўся, што заўтра ў мяне атрымаецца яшчэ выйсці на вуліцы, казаць пра праблемы, якія стаяць на парадку дня не толькі ў нас, але і тых людзей, якія сведчылі, якія нас сёння судзілі. А так сам працэс – дзікунства. Для міжнародных аглядальнікаў, якія прыязджаюць, гэта таксама будзе карысна: трэба, каб яны пабачылі ўсё. Бо ўвесь час іх спрабуюць падвесці да будынка, які весь пафарбаваны, прыгожы, – і не ўпускаюць. Сёння мы зайшлі і пабачылі, што тут адбываецца. Гэта жахі, страхі, цырк.
А вось актывісту з Кобрыня Алесю Меху, які аштрафаваны па тым жа артыкуле, што і Анатоль Лябедзька, але не на 9 мільёнаў, а на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў, трэба працаваць два месяцы, каб выплаціць штраф. Ён працуе ў Кобрыні сантэхнікам. На яго думку, вынікі разгляду адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі былі загадзя падрыхтаваныя.
* * *
Лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны на 60 базавых велічыняў або 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў па артыкуле 23.34. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Такое рашэнне прыняла суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня, паведаміла памочнік старшыні суда Юлія Чарновец. Суд над ім адбыўся завочна, Сіўчык на слуханні справы не прысутнічаў.
Мастак і грамадскі актывіст Алесь Марачкін аштрафаваны па гэтым жа артыкуле на 20 базавых — гэта 3 мільёны 300 тысяч рублёў. Такое рашэнне вынес суд Цэнтральнага раёна Менска. Раней, паводле таго ж артыкула, аштрафавалі старшыню АГП Анатоля Лябедзьку: на 50 базавых велічыняў.
Акцыя «За мірную, нейтральную Беларусь» прайшла 4 кастрычніка на сталічнай плошчы Свабоды ў фармаце народнага сходу.
У суд таксама выкліканыя грамадскія актывісты Алесь Мех, Максім Вінярскі, палітыкі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.