Марыя Пшэломец: Лукашэнка хоча мець 80%



У Вроцлаве праходзіць канферэнцыя “Польская ўсходняя палітыка”, куды з’ехаліся эксперты з усёй Польшчы. Тым часам у Польшчы ўсё менш і менш гаворыцца пра Беларусь. Чаму?

Марыя Пшэломец

На гэта пытанне адказала Марыя Пшэломец, аўтар праграмы “Studio Wschód” на TVP:

Думаю, што столькі ўсяго адбываецца ў свеце, перадусім, справы, звязаныя з Расеяй, што Польшча сапраўды трохі менш глядзіць у бок Беларусі, а больш на Украіну і Сірыю. Але не сказала б, што гэтая зацікаўленасць была значна меншая, бо ўвесь час бачу і на інтэрнэт-парталах, і ў газетах падымаецца пытанне пра расейскую вайсковую базу, пра якую, паводле Расеі ўжо дамовіліся, а Лукашэнка сказаў, што ён нічога пра гэта не ведае. Зацікаўленасць ёсць. Праблема ў тым, што беларускія прэзідэнція выбары настолькі прадказальныя, што надзвычай складана напісаць тут нешта новае. Вядома, хто выйграе.

РР: Улічваючы гэтую сітуацыю, як Вы думаеце, ці можа польская ўлада змяніць свой падыход да ўладаў у Беларусі? Ці можа яна прызнаць Лукашэнку?

Марыя Пшэломец: Мне падаецца, што адносіны Еўразвяза да Беларусі ўжо мяняюцца. Вайна ва Украіне дазволіла Лукашэнку вярнуцца на міжнародную арэну. Неспадзявана перастаў быць апошнім дыктатарам Еўропы, а стаў пасярэднікам у менскіх перамовах, пасярэднікам паміж Расеяй і Захадам у пытанні крызісу ва Украіне. Ці гэтыя выбары прызнаюць? Будзе залежыць ад таго, наколькі яскравымі будуць магчымыя парушэнні выбарчага парадку і працэсу галасавання. Мне падаецца, што Захад вельмі б хацеў прызнаць выбары нармальнымі. Лукашэнка напэўна мае большасць падтрымкі, думаю, што каля 50%, нават калі няцэлыя. Праблема ў тым, што яму гэтага недастаткова. Ён абвязкова хоча мець прынамсі 80%. У сувязі з гэтым, цуды на ўчастках будуць.

РР: Гэтыя цуды ўжо ёсць, у першыя тры дні “датэрмінова прагаласавала” 19% выбарнікаў. Студэнтам пагражалі, што ў іх адбяруць месца ў інтэрнаце, калі яны не прагаласуюць. Падсумоўваючы, ці можна сказаць, што пытанне правоў чалавека ў палітыцы Еўразвязу страчвае сваё значэнне?

Марыя Пшэломец: Ведаеце, я заўсёды мела праблемы, калі ідзе гаворка пра Еўразвяз і правы чалавека. Я напрыклад, назірала за выбарамі ў Азербайджане, і мушу сказаць, што ў параўнанні з Азербайджанам у Беларусі праводзяцца празрыстыя, на 100% справядлівыя выбары і г.д. Памятаю, што сама, як назіральнік была на тых выбарах. Рабіліся абсалютна скандальныя рэчы! А потым, назіральнікі сцвердзілі, што былі пэўныя парушэнні, але агулам выбары адпавядалі стандартам. То бок, ёсць далёкі Азербайджан, у якога ёсць нафта і газ, і ў сувязі з гэтым глядзім на гэта іначай, і ёсць бліжэйшая Беларусь, у якой нічога няма. Лукашэнка сапраўды не белы і пушысты, ён дыктатар, і таму глядзім на гэта інакш… Альбо ўсіх трактуем аднолькава, альбо не робім выключэнняў. Выбары ў Беларусі напэўна не будуць да канца справядлівымі, але падобна, як ніколі да канца справядлівымі не былі выбары ў Арменіі ці Азербайджане. Калі б Еўразвяз дакладна таксама падыходзіла да тых выбараў, то я б нічога не сказала дрэннага наконт іх крытычных заўваг пра беларускія выбары. У час, калі іх не трактуюць аднолькава, то я маю пэўныя перасцярогі, бо гэта дае аргументы Лукашэнку, што ёсць двайныя стандарты. Ён ужо пра гэта гаварыў, што ёсць двайныя стандарты, што іначай трактуюць яго, іначай – Азербайджан.

Вядома, не трэба вызваляць еўрапейскіх назіральнікаў ад абавязку справядліва ацэньваць выбары. Тым больш, што дзякуючы крызісу ва Украіне, Лукашэнка атрымаў яшчэ адзін апошні маленькі шанец. У яго цяпер менш магчымасцяў лавіраваць паміж Расеяй і Захадам з вельмі простай прычыны – Лукашэнка ўсё больш, як гэта прыгожа гаворыцца, аддае расейцам “сямейнага срэбра” за грошы, падтрымку і г.д. Калі б Лукашэнка цяпер вырашыўся распачаць сапраўдныя рэформы, беручы грошы з МВФ, то гэта быў бы шанец для Беларусі. Праблема ў тым, што пакуль што няма ніякіх прыкметаў, што ён на гэта гатовы. Наадварот, яго сцверджанні, што яго наступнікам з’яўляецца яго 11-гадовы сын даводзіць, што найважнейшым для Лукашэнкі застаецца ўлада. А гэта кепска скончыцца, на маю думку, гэта можа кепска скончыцца і для самога Лукашэнкі, і, на жаль, для Беларусі.                

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя