Павел Казлоўскі: Авіябаза, думаю, будзе…
Былы міністр Беларусі Павел Казлоўскі мяркуе, што, нягледзячы на ўсе заявы, расейская авіябаза будзе размешчана ў Беларусі.
Павел Казлоўскі: Мяркуе, што авіябаза будзе, хоць зараз і кажуць, што пытанне яшчэ да канца не вырашана. Уладзе спатрэбяцца расейскія крэдыты, таму ў выніку, як мне падаецца, расейцы даціснуць з авіябазай. Іншая справа, што мы ж не ведаем, як там далей будуць складвацца стасункі ў Беларусі з той жа Расеяй, з Еўропай. Многае будзе залежыць і ад знешніх фактараў. Але на 90 адсоткаў можна сказаць, што пытанне з авіябазай будзе вырашана станоўча.
РР: А як вы адносіцеся да таго, што ў Беларусі будзе размешчана расейская авіябаза?
Павел Казлоўскі: Калі Беларусь і Расея – саюзнікі, то, думаю, лагічна, калі саюзнік дазваляе размясціць на сваёй тэрыторыі іншыя базы. Ёсць жа такія ў Таджыкістане, Арменіі… І ў Беларусі ёсць ужо дзве расейскія ваенныя базы.
РР: А можа лепш быць нейтральнай дзяржавай?
Павел Казлоўскі: Ніколі Беларусь не заставалася нейтральнай. Не дай Бог, калі нешта адбудзецца страшнае, то Беларусь пацерпіць у першую чаргу. У любым выпадку. А, калі мы і хочам нейтралітэту, то ён павінен быць прызнаным, як у той жа Швейцарыі. Маленькія краіны звычайна заўсёды знаходзяць для сябе заступніка.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ej.by