Граф Прушынскі: Я перамог на гэтых выбарах
Граф Аляксандр Прушынскі, які сёлета таксама прэтэндаваў на прэзідэнцкую пасаду, распавядае пра гэтыя выбары, кандыдатаў і свой удзел у кампаніі.
РР: Ці пойдзеце вы заўтра на ўчастак для галасавання?
Аляксандр Прушынскі: А я ўжо хадзіў. У камісіі ўзяў бюлетэнь, скамячыў яго, запіхнуў у кішэню і хацеў ісці дадому, але мяне затрымалі – адзін грамадзянскі і міліцыянер. Маўляў, што гэта вы такое творыце? Я ім кажу: “Сувенір узяў на памяць пра гэтыя выбары. А, калі хочаце затрымаць, то я не супраць”. Яны некаму патэлефанавалі і сказалі мне знікнуць з іх вачэй.
РР: Увогуле, як ацэньваеце гэтую выбарчую кампанію?
Аляксандр Прушынскі: Я думаю, што, калі б выбары праводзіліся без адміністрацыйнага ціску, то на іх не прыйшло б і 50 адсоткаў выбарцаў. А можа і зараз не будзе такая лічба, хоць яўку на паперы, натуральна, забяспечаць. Не ўсё так добра, як думае Аляксандр Рыгоравіч. Многія людзі не вераць і не хочуць падтрымліваць нікога – ні апазіцыю, ні ўладу. Ім да лямпачкі гэтыя выбары. Апошнія перш за ўсё патрэбны ўладзе.
РР: А Таццяну Караткевіч вы чаму не падтрымалі?
Аляксандр Прушынскі: Калі б гэтая жанчына прыйшла да мяне, то я даў бы ёй праграму. А яна не прыйшла. Ёй напляваць на графа Прушынскага і яго праграму! А сваёй няма. Дык чаго ты ідзеш у прэзідэнты? Трэба было здымаць сваю кандыдатуру. Вось вы ведаеце, чаму на гэтых выбарах я перамог? Праз тое, што не зарэгістравалі маю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, я летам адпачываў, а не марнаваў час на цырк. А зараз хачу паехаць у Афрыку. А тыя, хто прымаюць удзел у цырку, павінны ведаць – самае галоўнае, як лічаць галасы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя