Лукашэнка хоча зладзіць у Менску сустрэчу Пуціна, Назарбаева і Парашэнкі



zz001054_261288Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы ў Менску прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі і Украіны.

Тэлефонныя размовы Лукашэнкі і Пуціна цягам учарашняга дня адбываліся двойчы. Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе:

«Адной з цэнтральных тэм чарговы раз стала ініцыятыва правядзення сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны. Прэзідэнт Беларусі даўно прапанаваў правесці яе ў Менску, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія могуць паўстаць ва Украіны з Мытным саюзам у сувязі з падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ і канфрантацыяй, якая працягваецца. Аб прапрацоўцы такой ідэі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў на сустрэчы з лідарамі кампартый Расеі і Украіны – Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам», — адзначае прэс-служба.

На думку палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча,  заявы пра мірныя сустрэчы ў Менску – самапіяр кіраўніка Беларусі:

– Гэта толькі ініцыятыва Лукашэнкі, пакуль яна не атрымала падтрымкі іншых бакоў. У тым выглядзе, як гэта зараз адбываецца, гэта самапіяр Лукашэнкі.

Тэмай будучай сустрэчы стала таксама прадметам абмеркавання ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Лукашэнка праінфармаваў кіраўнікоў Казахстана і Расеі аб праведзенай напярэдадні позна вечарам тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by і belta.by