Галасаванне ў Гомелі (абноўлена)



„Галоўная інтрыга асноўнага дня галасавання, ці будуць участковыя выбарчыя камісіі лічыць галасы”, – Так лічыць каардынатар па Гомелькай вобласці кампаніі „За справядлівыя выбары” Уладзімір Кацора.

Паводле назіральніка, камісіі абавязаныя лічыць асобна бюлетені датэрміновага галасавання і асноўнага дня галасавання:

– Калі яны гэта будуць рабіць, я думаю, што наўрад ці гэта будзе. Можа толькі на асобных участках, але масава гэта не будзе, улады зноў захочуць вынікі схаваць ад грамадскасці, ад назіральнікаў. Вось калі гэта ўсё ж такі будзе, то можна будзе паглядзець як людзі прагаласавалі датэрмінова за Лукашэнку, супраць, за Караткевіч, супраць, колькі прагаласавала супраць усіх.

Падчас выбараў 2010 года адным з асноўных парушэнняў участковых выбарчых камісіяў быў падлік галасоў. Як заўважалі на той момант назіральнікі, камісіі адкрывалі ўсе скрыні адразу і лічылі бюлетэні з іх адначасова. Такім чынам, у 2010 годзе на 49% выбарчых участкаў, ахопленых назіраннем, падлік галасоў адбываўся з парушэннямі.

* * *

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама на 14.00, на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала ўжо 65% выбаршчыкаў. Гомельшчына з’яўляецца адным з лідараў па выбарчай яўцы. Пра гэта распавёў наш карэспандэнт у Гомелі Мікола Бянько:

Гомельшчына выйшла ў лідары па яўцы з усіх беларускіх абласцей. Як паведамляе ЦВК, на гэты момант прагаласавала амаль 74% грамадзян з правам голасу. То бок, за некалькі гадзін працы выбарчых участкаў, не ўлічваючы датэрміновае галасаванне, прагаласавала каля 36% выбарцаў.

Незалежныя назіральнікі пакуль не паведамляюць пра сур’ёзныя парушэнні. Асноўныя прэтэнзіі назіральнікаў тычацца датэрміновага галасаванне, дзе быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс. Цяпер яны засяродзіліся на фіксацыі рэальнай яўкі. Паводле іх сведчанняў, яўка на гэтых выбарах, у адрозненне ад 2010 года, значна меншая. Але ўсё роўна не выпадае казаць пра паспяховасць стратэгіі байкоту выбараў.

Для прыцягнення выбарцаў на ўчасткі працуюць буфеты з заніжанымі цэнамі.

* * *

Выбары на гомельскім участку для галасавання №29, які знаходзіцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, адбыліся яшчэ да пачатку галасавання ў асноўны дзень. Паводле назіральніка кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктара Адзіночанкі, для забеспячэння выніку быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс.

– Гэта ўчастак, да якога прыпісаны студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усяго зарэгістравана на ўчастку 677 выбарцаў, у папярэднім галасаванні ўзялі ўдзел 499 выбарцаў. Фактычна на гэтым участку выбары адбыліся. Зараз павінны галасаваць выкладчыкі.

Адразу па адкрыцці выбарчага ўчастка ў ГДУ імя Францыска Скарыны на галасаванне прыйшлі першыя людзі.

– Камусьці трэба і на працу. Працоўны дзень і ў нядзелю бывае.

– Дзеля гэтага чалавечка, нашага будучага прэзідэнта можна і прагаласаваць. Бо мы яго любім. А ў звязку з той сітуацыяй, якая ў нас, трэба змагацца, трымацца і проста любіць.

Участкі для галасавання па ўсёй краіне працуюць да 20-й гадзіны па беларускім часе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота sputnik.by