Як галасавалі беларусы ў Польшчы? (абноўлена)
Беларусы, якія жывуць у Польшчы, мелі магчымасць аддаць свае галасы за прэзідэнта Беларусі ў Амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Варшаве.
Пасля галасавання ахвотныя мелі магчымасць завітаць на беларускі кірмаш, пачаставацца беларускімі дранікамі і нават “Лідскім півам”. Атмасфера была святочная.
[Not a valid template]
Кажуць удзельнікі галасавання:
– Першы раз галасую ў Варшаве. Гэта абавязак кожнага беларуса.
– Адчуваю адказнасць за сваю краіну. Таму прагаласаваў.
– Першы раз галасаваў. Спадабалася. Тут добрая атмасфера, добра прынялі. Думаў, будзе іначай.
Аднак не кожны беларус выказаў жаданне галасаваць. Некаторыя прынцыпова не хацелі ісці і аддаваць за кагосьці свой голас.
– Не іду на выбары, бо няма ніякай нармальнай, здаровай перадвыбарчай атмасферы, няма інтрыгі, якая б заахвочвала людзей ісці на гэтыя выбары. Таму лічу гэта толькі стратай часу.
Акрамя Варшавы, беларусы галасавалі таксама сёння ў Гданьску, Белай Падляскай і Беластоку.
* * *
На ўчастку для галасавання №103 па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які працуе ў Генеральным консульстве ў Беластоку, да поўдня прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў. Кажа Старшыня выбарчай камісіі Камышык Мікалай.
– У спісе 113 грамадзян Беларусі. На дадзены момант прагаласавала 58. Датэрмінова прагаласавалі дзесьці 39 чалавек.
Тыя, якія прыйшлі галасаваць сёння, казалі пра грамадскі абавязак, які трэба выканаць.
– З аднаго боку, трохі цікавіць. Але з другога боку, там вельмі мала выбару. Хоць неяк дапамагчы гэтым родным, бо большая частка там не пойдзе на выбары. Хоць у інтэрнэце мы бачым зусім іншую сітуацыю. 36% датэрмінова прагаласавала. Такога ніколі не было.
– Жыву ў Беластоку. Галасую. Думаю, змены – гэта заўсёды добра.
Пратакол з выбарчага ўчастка ў Беластоку будзе перададзены ў электронным варыянце ў Беларусь. Вынікі галасавання на гэтым участку будуць афіцыйна абвешчаны заўтра раніцай.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Касі Бергель