Станіслаў Шушкевіч: Гэта не выбары, а аперацыя спецслужбаў



Яўка выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах склала 81 цэлы і 77 дзясятых працэнта. Гэта апошнія дадзеныя па стане на 18 гадзін. У гэтыя хвіліны выбарчыя ўчасткі ў краіне – зачыніліся. У інфармацыйным цэнтры ЦВК праходзіць прэс-канферэнцыя з удзелам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які прыляцеў з саміту кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў у Сафіі, – на выбары не хадзіў. Раней ён прагназаваў, што беларусы не будуць байкатаваць выбары, і гэты прагноз – спраўдзіўся.

РР: Ці хадзілі вы галасаваць?

– Ну што вы, я ж не звар’яцеў, бо ні я, ні мае блізкія, ні мае родныя не хадзілі.

РР: Чым займаліся ў гэты дзень?

– Я ўначы прыляцеў з саміта былых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў з Сафіі. Прыходжу ў сябе, бо там пералётаў многа было, праз Франкфурт ляцеў з Менска, там затрымкі. Я не цікаўлюся вынікамі так званых выбараў. Я ведаю ўсё, што будзе і нічога для мяне нечаканасцю не з’яўляецца.

РР: Ці трэба верыць лічбам, якія агучвае Цэнтрвыбаркам?

– Думаю, што ў большасці выпадкаў гэта прымусовая яўка, што людзі верылі, што калі яны не пойдуць, то яны будуць пакараныя. Усе рабочыя месцы ў руках дзяржавы, у руках таго, хто як быццам бы абіраецца, а фактычна сядзіць у гэтым крэсле пакуль нейкая іншая сіла яго адсюль не выкіне. 

РР: Якая яўка была б на ваш погляд, калі б не не было прозвішча Лукашэнкі?

– Ведаеце, мне даволі цяжка ацаніць. Я як раз быў на саміце, дзе падобнае пытанне абмяркоўвалі. Справа ў тым, што ў нас увесь час працуе прарасейская прапаганда, якая сінхронна працуе з беларускай уладай, людзі замбіраваныя, іх падманваюць. Я адразу не падзяляў аптымізм тых, хто заяўляў, што на так званыя выбары людзі не прыйдуць. Калі сацыялагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў Беларусі, паказваюць, што 57% насельніцтва за 10 дзён да выбараў не ведае, што такое байкот, то чакаць тут нейкіх спраў немагчыма. Таму гэта не выбары, а аперацыя спецслужбаў, дзе загадзя вядомыя лічбы. Да падліку галасоў не дапускаюцца назіральнікі, таму пра што тут можа быць гаворка.

РР: Што будзе далей на ваш погляд з беларускай эканомікай? Як будзе паводзіць сябе Еўропа, Расея ў дачыненні да Беларусі, да ўладаў?

– Ведаеце, мне вельмі спадабалася тое, што я пачуў у кулуарах саміта ў Сафіі. Пакуль мы не ўтворым нашу беларускую нацыянальную супольнасць, калі мы будзем разам, калі мы будзем бараніць свае правы, калі мы станем нацыяй, я думаю да гэтага часу нейкія зрухі немагчымыя. Пакуль гэта з вялікай цяжкасцю ўтвараецца таму, што ў нас больш тых, хто жадае быць нейкім кіраўніком, чым тых, хто жадае нешта зрабіць для Беларусі.

Паводле Станіслава Шушкевіча, вынікі выбараў – прадказальныя. Самую высокую за ўсю гісторыю Беларусі яўку на датэрміновых выбарах ён тлумачыць тым, што на ўчасткі фактычна заганялі галасаваць прымусова, выкарыстоўвалі пры гэтым адміністрацыйны рэсурс.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя