Рада Еўразвязу разгледзіць сітуацыю ў Беларусі



Міністры замежных спраў Еўразвязу збіраюцца 12 кастрычніка ў Люксембургу на штомесячнае пасяджэнне Рады Еўрапейскага звязу. Два галоўныя пытанні, якія маюць абмеркаваць, — сітуацыя ў Сірыі і ў Беларусі. Сярод краінаў ЕЗ ёсць розныя меркаванні па гэтых пытаннях, і міністры хочуць узгадніць супольнае стаўленне.

Адносна сітуацыі ў Беларусі, Еўразвяз разглядае магчымасць прыпынення на 4 месяцы санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі, і яшчэ 140 прадстаўнікоў рэжыму, а таксама 25 кампаніяў бізнесоўцаў, блізкіх да ўладаў.

Паведамляецца, што санкцыі застануцца ў сіле адносна чатырох беларускіх сілавікоў, якіх Еўразвяз лічыць датычнымі да гучных знікненняў 1999–2000 гадоў: гэта Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзмітры Паўлічэнка і Ўладзімер Навумаў. Застанецца ў сіле і эмбарга на пастаўку зброі.

Паводле дадзеных агенцтва Reuters, ЕЗ зможа аднавіць санкцыі, калі ўбачыць новыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Аднак, застаецца шэраг краінаў Еўразвязу, уключна з Польшчай, якія ня вераць у дэмакратычныя перамены рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Радыё Свабода