Назіральнікі АБСЕ: Падлік галасоў быў несумленным
Прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка зноў паказалі, што ў Беларусі яшчэ шмат працы на шляху да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. «Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформ», — адзначаецца ў дакладзе.
Назіральнікі місіі ўказалі на некаторыя паляпшэнні і «ветлівае стаўленне» да іх. Але «значныя праблемы, асабліва ў час падліку і звядзення вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў».
Пры гэтым падкрэсліваецца, што выбарчая кампанія і дзень выбараў праходзілі мірна.
„Гэта відавочна, што перад Беларуссю доўгі шлях, каб выканаць усе дэмакратычныя абавязацельствы”, — сказаў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд. — Вызваленне палітвязняў і сардэчны падыход да назіральнікаў з’яўляюцца пазітыўнымі момантамі. Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не спраўдзілася. Улічваючы папярэднія абяцанні, я асабліва расчараваны недахопамі падчас падліку і сумавання галасоў. Мы спадзяемся, што беларускі ўрад праявіць палітычную волю для паўнавартаснага працэсу рэформ, у чым мы гатовыя аказаць падтрымку».
У справаздачы адзначаецца, што ўсе кандыдаты змаглі правесці агітацыйныя кампаніі па ўсёй краіне і данесці свае пасланні без перашкод. Выбарчая кампанія «была сціплай, але стала больш актыўнай у апошнія два тыдні».
У той жа час адзначаецца, што толькі адзін кандыдат, чыя перадвыбарная платформа была сканцэнтравана на сацыяльна-эканамічных пытаннях, быў «адкрыта крытычна настроены ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта». Гэта абмяжоўвала выбар выбаршчыкаў, гаворыцца ў справаздачы.
«Выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках», — гаворыцца ў справаздачы.
«Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс сумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі», – адзначаюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.