Вечная толькі музыка
Апошнія дні ў Беларусі выдаліся надзвычай халоднымі: 2015 год увогуле кантрастны ў плане тэмператур. То анамальна холадна, то, наадварот, спёка стаіць неверагодная.
І цягне ўвосень надаць жыццю свайму ўтульнасці ды паразважаць пра вечныя пытанні. Пафіласофстваваць… Асэнсаваць усё, што адбылося, адбываецца ды ў перспектыве чакаецца…
У cталым прадстаўніцтве Беларусі пры ЮНЭСКА ў Парыжы прайшла заключная імпрэза, прысвечаная святкаванню 250-годдзя дыпламата, палітыка, кампазітара і магната Міхала Клеафаса Агінскага. З ініцыятывы Беларусі, Літвы і Польшчы юбілей Агінскага быў уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЭСКА на 2015 год.
Гасцей імпрэзы вітаў амбасадар Беларусі ў Францыі і сталы прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА Павел Латушка. Ён сказаў пра значную ролю славутага кампазітара ў развіцці беларускай і еўрапейскай культур. Спадар Латушка таксама звярнуў увагу замежных гасцей на значную падзею для беларускай культуры — прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч і прэзентаваў выдадзены ў Францыі пераклад на французскую мову яе кнігі «Чарнобыльская малітва».
Госці імпрэзы азнаёміліся з выставай архіўных матэрыялаў, прысвечаных Агінскаму, і паслухалі творы М.К. Агінскага, С. Манюшкі, Ф. Шапэна… А таксама ў выкананні выкладчыкаў і студэнтаў БДАМ прагучала музычна-харэаграфічная пастаноўка «Клеафас. Вечны сум паланеза».
Вечныя толькі музыка, літаратура, мастацтва…
Палітыкі часоў Агінскага сышлі ў нябыт, як і палітычныя праекты Міхала Клеафаса. Засталіся адно паланезы, мазуркі ды опера шаноўнага аўтара. Засталася толькі музыка.