На ўчастках, дзе назіралі – Караткевіч атрымала больш



Узровень падтрымкі Таццяны Караткевіч на ўчастках, дзе працавалі незалежныя назіральнікі, перавышае 20%.

На Гомельшчыне незалежныя назіральнікі працавалі ў Жлобіне, Акцябрскім, Рагачове. На кантрольных участках атрымаліся практычна аднолькавыя вынікі, згодна якім дзейны кіраўнік дзяржавы атрымаў каля 60% галасоў, а Таццяна Караткевіч – блізу 20%.

Каардынатар кампаніі „За справядлівыя выбары” па Гомельшчыне Уладзімір Кацора мяркуе, што да раённых цэнтраў „не дайшла каманда” адносна колькасці галасоў.

– Усё ж такі больш-менш мы маем рэальныя лічбы на ўчастках дзе назіралі. Напрыклад, у горадзе Жлобіне на дваццаць дзявятым участку яўка склала 71%. Недзе так мы і налічылі, крыху менш, але ж вось такія вынікі па галасаванню. Лукашэнка атрымаў 60,7% – камісія гэта паказала. Караткевіч 24,97%. Такая ж карціна больш-менш на дзіва ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, у Калінкавічах, у Рагачове.

Лідзія Ярмошына агучыла лічбы, паводле якіх Таццяна Караткевіч не здолела набраць нават і 5% галасоў выбарцаў. У штабе кандыдаткі ад кампаніі „Гавары праўду” адказалі, што збіраюцца абскарджваць афіцыйныя вынікі выбараў у Вярхоўным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя