Андрэй Кудзіненка прэзентаваў у глыбінцы сваю новую стужку (абноўлена)



Адзін з лепшых рэжысёраў Беларусі паказаў фільм “НardReboot” у вёсцы Біндзюга на Падляшшы. Стужка – гэта некамерцыйны праект аўтара, зняты пры ўдзеле сяброў:

Януш Гаўрылюк, арганізатар фестывалю «Bulbamovie»:

-Падзеі стужкі адбываюцца ў беларускай глыбінцы. Вёска Біндзюга – гэта таксама глыбінка на польска-беларускім памежжы. Тэматыка фельма складаная.

Андрэй Расінскі, беларускі кінакрытык:

-Гэтая стужка зроблена эксперыментальным чынам. Знаёмыя музыкі Андрэя Кудзіненкі былі ў творчым крызісе. І тады Андрэй вывез музыкаў на мяжу Беларусі і Літвы і прыдумаў для іх містычную гісторыю, у якой яны ўдзельнічалі.

Рэжысёр стужкі Андрэй Кудзіненка:

-У хлопцаў была дэпрэсія, быў канфлікт паміж імі.  Таму вырашылі зрабіць такую кінатэрапію. Я выдумаў сваю гісторыю. І зрабіў такую стужку.

Стужка “НardReboot” – гэта псіхадэлічны трылер з элементамі дакументальнага кіно.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Новы фільм вядомага беларускага рэжысёра пад назвай „Hard Reboot” пабачым у вёсцы Біндзюга, што ў гміне Міхалова. Сам рэжысёр, аўтар нашумелых фільмаў „Акупацыя. Містэрыі“ і „Масакра“, называе свой новы фільм пэўнай кіна-тэрапіяй:

– Такога жанра не было, але я прыдумаў. Таму што гэта была тэрапія ва ўсіх сэнсах. Таму што была дэпрэсія, крызіс у гурта, які там здымаецца, вельмі зараз папулярны ў Расеі, крызіс быў і ў мяне, і мы вырашылі паехаць у беларускі лес без сцэнарыя, без грошай штосьці зняць. Там усе пасварыліся. Пасля памірыліся. І вось атрымалася штосьці. Гэта фільм „Hard Reboot”.

Пасля паказу фільма пройдзе дыскусія, мадэратарам якой выступіць кінакрытык Андрэй Расінскі. Арганізатарам імпрэзы з’яўляўецца Фонд SUNDUK, вядомы арганізацыяй варшаўскага фестывалю беларускага кіно Bulbamovie.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Паклоннікі незалежнага беларускага кіно маюць нагоду выбрацца сёння ў вёску Біндзюга, што ў гміне Міхалова. Тут адбудзецца прэм’ера і пленэрны паказ фільму HARD REBOOT беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Як кажа арганізатар мерапрыемства Януш Гаўрылюк з фонду “Сундук”, месца абранае для паказу невыпадковае.

– Біндзюга, якая знаходзіцца на польска-беларускім памежжы, як раз падыходзіць для такога паказу, каб прыйшло колькі людзей з Беласточчыны, і раней чым у Варшаве паказаць гэты новы, нечаканы фільм Кудзіненкі. І затым, пасля паказу, паразмаўляць пра кінастужку. Прыедзе таксама адмыслова ў Бандзюгу кінакрытык з Менску Андрэй Расінскі.

Арганізатары запрашаюць на паказ фільму ў Біндзюгу ўсіх, каго цікавіць сучаснае незалежнае беларускае кіно. Пачатак сёння ў 19.30.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя