Пабачыў свет “Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны”
Серыя кніжак “Гарадзенская бібліятэка” папоўнілася новым выданнем: “Каляндарным краязнаўчым даведнікам Гарадзеншчыны”. Укладальнік даведніка Уладзімір Хільмановіч – сталы аўтар Беларускага Радыё Рацыя. У кнізе чытачы знойдуць не толькі даты жыцця вядомых нацыянальных дзеячоў, але і значныя падзеі Панямоння. Расказвае аўтар:
– Мой прынцып – уключаць у календары толькі тых, хто ўжо адышоў у іншы свет. Таму жывых рупліўцаў-дзеячоў у маім каляндарным даведніку вы не знойдзеце. Я зычу, каб яны яшчэ не хутка трапілі ў такія выданні. З іншага боку, калі ёсць нейкія адметныя падзеі, даты, то гэтыя людзі прысутнічаюць, як, напрыклад, Алесь Белакоз, калі згадваецца дата заснавання знакамітага нашага Гудзевіцкага літаратурна-этнаграфічнага музея.
Аўтар-укладальнік спадзяецца, што ягоная кніжка будзе цікавай не толькі сталым краязнаўцам, але і вучнёўскай моладзі, якая цікавіцца нашым мінулым. Выданне дапоўнена імянным даведнікам.
Яго публічная прэзентацыя запланаваная на верасень.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара