Участак-рэкардсмен: 99.9% „прагаласавалі” за Лукашэнку



У Бярозе на выбарчым участку  №6 датэрмінова прагаласавала 62%, а ў дзень галасавання  Аляксандар Лукашэнка набраў 99.9 % галасоў! Участак быў размешчаны ў будынку завода “Цеплапрыбор”, які  знаходзіцца на мяжы банкруцва, а да мінімальнага заробку даплачваюць. Многія з галасаваўшых  на ім працуюць ці працавалі.

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Васіль Азаранка лічыць, што гэта адзіны ўчастак на ўсю Беларусь з такімі вынікамі. Лічыць, што вынікі сфальсіфікаваныя, як датэрмінова, так і ў дзень галасавання:

– З 709 прагаласаваўшых у асноўны дзень галасавання, 695 галасоў аказаліся за Лукашэнку, 10 – за Караткевіч і 4 – за Гайдукевіча. Ні сапсаваных бюлетэняў, ні галасоў супраць усіх у скрыні не аказалася. Дзе мой бюлетэнь супраць усіх? 99,9% прыхільнікаў за Лукашэнку – такога ніколі не было за ўсе гады!

На думку Васіля Азаранкі, пры такім складзе камісіі, калі старшынём – адзін з кіраўнікоў прадпрыемства, а сябры камісіі ягоныя падначаленыя, пры датэрміновым галасаванні,

калі да скрынак маецца доступ, калі галасы лічаць адначасова ўсе сябры камісій, а назіральнік сядзіць на адлегласці 3-5 метраў ад месца падліку – не даюць ніякіх гарантыяў правільнага падліку галасоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота udf.by