Павел Усаў: ЕЗ не жадае абвастрэння адносін з рэжымам
У Люксембургу Рада ЕЗ па замежных справах прыняла рашэнне пра прыпыненне санкцый на чатыры месяцы ў дачыненні да Беларусі.
Гэта пытанне мы абмеркавалі з палітычным аналітыкам Паўлам Усавым.
Павел Усаў: Безумоўна свой эфект на рашэнне Еўрапейскага звяза мелі гэтыя выбары, якія прайшлі адпаведна з галоўнымі чаканнямі Захаду – гэта, каб нічога там крывавага не здарылася, то бок мы ўжо на працягу апошняга года мелі дачыненне са зменай падыходу Еўразвяза да Беларусі. То бок для іх стала зразумела, што лепей мець на межах стабільную аўтарытарную сістэму, чым нестабільную дэмакратыю такую, якую яны маюць зараз ва Украіне. Прынамсі для Еўразвяза на сённяшні дзень галоўнае захаваць больш менш стабільную сітуацыю на сваіх межах. Яны прымаюць тую сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, і не жадаюць ніякага абвастрэння адносін з беларускім рэжымам, і наадварот ідуць на змякчэнне, зноў веруючы ў тое, што зняццё санкцый паўплывае на нейкія змены ва ўнутранай палітыцы дзейнага прэзідэнта. Гэта памылкова, але тым не менш вось гэты прагматызм, які будуецца на тым, што стабільнасць важнейшая ад дэмакратыі і правоў чалавека. Зараз з’яўляецца дамінуючым у падыходзе еўрапейскіх і ўвогуле заходніх палітыкаў да Беларусі. Таму безумоўна на зняццё санкцый паўплывала тое, што былі выпушчаны ўсе палітычныя вязні. Другое тое, што выбары ў Беларусі прайшлі непрыкметна і абсалютна ўсіх задавальняюць. Калі нават проста прааналізаваць, як еўрапейская ці нават польская прэса адзначала і аналізавала ход падзей у Беларусі, то гэта можна акрэсліць адным словам ніяк, то бок беларускія выбары ў гэты раз былі самай нецікавай тэмай, самым нецікавым пытаннем на ўсёй еўрапейскай прасторы.
РР: Еўразвяз далей будзе размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам заціснуўшы зубы на вось гэтыя так званыя еўрапейскія каштоўнасці, дэмакратыю, пра якую яны пастаянна казалі?
Павел Усаў: Трэба разумець, што пытанне правоў чалавека, дэмакратыі ці так званых еўрапейскіх каштоўнасцяў ніколі не былі дамінуючым аспектам у еўрапейскай палітыцы – гэта не тычыцца толькі Беларусі, і менавіта тая палітыка двайных стандартаў, якую праводзіць Захад, і якую ў прыватнасці праводзіць Еўразвяз, яны робяць вось гэтыя пытанні ды аспекты правоў чалавека і дэмакратыі абсалютна слабым аргументам. Варта прыгадаць, што ў Еўразвяза склаліся больш-менш добрыя адносіны і з Азербайджанам, дзе пытанне правоў чалавека стаіць найбольш востра, чым нават у Беларусі, і Казахстана. То бок калі ёсць нейкія фінансавыя, эканамічныя інтарэсы, то пытанне правоў чалавека адыходзіць зусім нават не на другі, а на чацвёрты, пяты план. А Беларусь мела пэўнае прыярытэтнае значэнне таму, што знаходзілася побач з межамі Еўрапейскага звяза. Але і так пытанне правоў чалавека ніколі не з’яўлялася дамінуючым. Варта прыгадаць, што ўжо ў 2008 годзе санкцыі эканамічныя хаця і не ўсе, але збольшага былі знятыя. Пачаўся першыя дыялог, які ні да чаго не прывёў, ну і зараз на пытанне правоў чалавека ў Беларусі, як я ўжо казаў, яно адсунута на другі план, менавіта тым, што адбываецца ва Украіне і палітыкай Расеі. То бок яшчэ раз падкрэслю, што нікога не цікавіць тое, што адбываецца ў самой Беларусі, усіх цікавіць тое, што адбываецца вакол Беларусі. То бок пытанне Украіны, палітыка Расеі, дапамагла змяніць прыярытэтэты і падыходы Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Менавіта такія прыярытэты, такі падыход будзе адным з самых дамінуючых, фактычна галоўных на працягу наступных гадоў. Калі ў Беларусі не адбудзецца нечага страшнага, напрыклад, праліцця крыві, калі рэжым будзе падаўляць “галодныя бунты”. Толькі калі ў краіне адбудуцца насамрэч даволі вострыя, сур’ёзныя падзеі – гэта можа зноў прывесці да пытання правоў чалавека, каштоўнасцяў, але на сённяшні дзень гэта ўжо неактуальна.
РР: Ці правільна я разумею, што зараз прыярытэты расстаўленыя так, што найперш гэта бяспека ў рэгіёне, потым ужо эканамічная супраца і правы чалавека, дэмакратыя і г. д?
Павел Усаў: Я думаю асноўным з’яўляецца стабільнасць у рэгіёне, стабільнасць у Беларусі, бо эканамічная супраца таксама не з’яўляецца выключна прыярытэтным пытаннем, бо Беларусь для Еўропы ніколі не была сур’ёзным эканамічным партнёрам, калі мы не кажам пра нафтапрадукты, то бок калі мы кажам пра нафтаперапрацоўку, то сапраўда Нямеччына, Нідэрланды былі галоўнымі партнёрамі. Калі казаць пра асноўныя моманты гаспадаркі – індустрыальныя, лёгкую прамысловасць, то тут Еўропа ніколі не была партнёрам. Безумоўна зараз, калі мы кажам пра нафтаперапрацоўку, нафтапрадукты, то па прычыне таго, што кошты нафты ідуць уніз, то Беларусь ад гэтага не выйграе. Для Беларусі галоўным прыярытэтам з’яўляецца безумоўна прыцягненне крэдытаў і інвестыцый у беларускую гаспадарку, каб утрымаць яе ў больш-менш стабільным стане. Пытанне ці дасць Еўропа крэдыты, ці дасць крэдыты МВФ, застаецца адкрытым. Яно не звязанае з правамі чалавека ў Беларусі, яно хутчэй звязана з тым ці будзе Лукашэнка праводзіць нейкія палітычныя рэформы. Але як мы ведаем, заданне праводзіць сур’ёзную мадэрнізацыю ці рэформы ў Беларусі ў сённяшняй палітычнай улады няма.
РР: Ці ў адносінах Беларусі і Еўразвяза сапраўды важная справаздача назіральнікаў АБСЕ? Лідзія Ярмошына гэту справаздачу называе дастаткова аб’ектыўнай.
Павел Усаў: Трэба разумець, што рашэнні Еўрапейскага звяза маюць выключна палітычны аспект, зараз кан’юктура і парадыгма накіраваная на тое, каб паляпшаць адносіны з існуючым рэжымам у Беларусі. Таму нейкія дэкларацыі ці рэзалюцыі АБСЕ не будуць мець ніякага ўплыву на тыя рашэнні, якія былі прынятыя. АБСЕ павінна было гэта сказаць, бо нібы з’яўляецца дэмакратычнай арганізацыяй. Але ўвогуле смешна слухаць нейкія рэзалюцыі АБСЕ калі адна і тая ж асоба ўжо ў пяты раз выйграе гэтыя выбары і ўвогуле ўдзельнічае ў гэтых выбарах.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя