Прыпыненне санкцыяў – крок да пацяплення адносінаў з Расеяй



Рада Міністраў Замежных Справаў краін Еўразвязу вырашыла прыпыніць санкцыі ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і яго чыноўнікаў на чатыры месяцы. Сярод тых, хто падтрымаў прыпыненне санкцый, быў і польскі міністр замежных справаў, Гжэгаж Схэтына.

Выкладчык Варшаўскага Універсітэта, адмыслоўца ў справах Усходняй Еўропы, Ежы Таргальскі досыць востра раскрытыкаваў Міністэрства Замежных Спраў Польшчы, абвінаваціўшы іх у прыняцці рашэнняў, выгодных Маскве і Берліну, а таксама параіў магчымаму будучаму польскаму Ўраду не глядзець на дэкларацыі Лукашэнкі, але дамагацца ад яго канкрэтыкі. Тады, на думку палітолага, выйдзе на яўнае, што словы Лукашэнкі нічога нявартыя.

Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з навукоўцам.

 РР: У Беларусі прайшлі г.зв. “прэзідэнцкія выбары”, не было ніякіх неспадзяванак. Тым не менш, у Радзе Міністраў Замежных Справаў краін Еўразвязу вырашылі замарозіць санкцыі адносна Лукашэнкі. Якія гэта прынясе наступствы для Беларусі?

Скажам шчыра, з пункту гледжання Нямеччыны, бо яна кіруе Еўразвязам, Беларусь не мае ніякага значэння, Беларусь для яе — частка Расеі, частка адносінаў з Расеяй. Таму Нямеччына, якая імкнецца скасаваць санкцыі супраць Расеі, паводзіць сябе цяпер згодна са сваёй логікай. Паколькі адносна ўсёй Расеі не ўдасца знесці санкцый, то прынамсі нейкая саступка адносна Беларусі. Прэтэкстам тут сталі выбары. Праўда, не было каго арыштаваць і пабіць, бо тых, каго трэба было арыштаваць і пабіць, ужо даўно арыштавалі і пабілі. Толькі адсутнасць ахвяраў прывяла да таго, што гэтыя выбары, ці хутчэй цырк, адбыўся без дэманстрацыяў, беспарадкаў і г.д. Выбары не маюць тут ніякага значэння.

На жаль, беларускае пытанне не будзе вырашана, пакуль не будзе прынятае рашэнне геапалітычнага характару. Вядома, Лукашэнка гатовы да розных жэстаў, бо ідзе гаворка пра здабыццё грошай. Калі хтосьці ў Польшчы думае, што перацягне Лукашэнку, які супраставіцца Расеі, дык ён памыляецца. Усе дэкларацыі Лукашэнкі, што ён незалежны ад Расеі, што ён супраціўляецца і г.д., усе гэтыя дэкларацыі робяцца выключна на паказ і не маюць абсалютна аніякага значэння, не ўлічваючы, вядома, фінансавага значэння для Лукашэнкі, бо праз гэтыя заявы нейкія грошы Беларусь атрымае.

РР: То бок, Вы лічыце, што пацяпленне адносінаў Еўразвязу з Лукашэнкам — не мэта сама па сабе, але пэўны этап у падрыхтоўцы да пацяплення адносінаў з Расеяй?

Безумоўна. Так, Беларусь у дадзеным выпадку толькі сігнал. Вядома, што калі ідзе гаворка пра санкцыі супраць Расеі, дык іх прыхільнікам з’яўляюцца ЗША. У той жа ж час Нямеччына хацела б, каб усё было так як раней, бо геапалітычны інтарэс Нямеччыны палягае ў цеснай супрацы з Расеяй. А тое, што гэта адбываецца коштам іншых? Галоўнае, што не коштам Нямеччыны! Яны толькі карыстаюцца. Таму, няма чаго турбавацца. Украіна на дадзены момант з’яўляецца чымсьці накшталт кандамініум, можа не дакладна, бо там цяпер перакрыжоўваюцца нямецкія і амерыканскія ўплывы, але Нямеччына імкнецца да таго, каб Украіна была нямецка-расейскім кандамініум. У сувязі з гэтым, Беларусь, якая робіць выгляд, што яна незалежная, а насамрэч, калі б Пуцін прыняў рашэнне, дык цягам 15 хвілінаў Лукашэнкі б не было, такая Беларусь не складае ніякай праблемы. Усё гэта проста ў рамках саюзу з Расеяй.

РР: Ці можна гэта лічыць легітымізацыяй Лукашэнкі? Ці пабачым мы неўзабаве Лукашэнку ў Парыжы, Берліне?

Можа пакуль што ў Берліне і Парыжы не, бо ўпускаць трагладыта ў салоны не рэкамендуецца: ён можа паламаць крэслы, стол і гэтак далей.. Але ёсць нармалізацыя ў сэнсе прызнання, што нехта такі існуе, і не стварэння яму праблем.

РР: А ці тое, што свет будзе цяпер іначай успрымаць Лукашэнку, прымаць Лукашэнку, ці гэта неяк пагражае Беларусі, яе незалежнасці?

Не, гэта не зменіць сітуацыі Беларусі. Калі яму кудысьці дазволяць выехаць, дык выедзе, распавядзе, што Беларусь незалежная і не згаджаецца на нейкія базы, але найлепшы хаўруснік – гэта Расея. Няма значэння, што ён будзе дэклараваць. Важная рэчаіснасць, важныя рашэнні. А гэтыя рашэнні прымаюцца ў Маскве. Лукашэнка можа толькі гаварыць пра нейкую незалежнасць і супраціў, але няма ніякіх шанцаў, бо беларускае войска і Міністэрства Абароны падпарадкавана Расеі.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Фота: скрын з youtube