Язэпу Палубятку – 60



Сёння, 14 кастрычніка, беларускі грамадска-культурны дзеяч, журналіст і пісьменнік з Мастоў Язэп Палубятка святкуе свой юбілей – 60-годдзе з дня нараджэння.

jazep

На працягу доўгага часу ён супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”. Друкаваўся таксама ў часопісах “Родная прырода”, “Алеся”. Шэраг апавяданняў з’яўляліся ў часопісе “Першацвет”, жарты публікаваліся ў газеце  “Наша слова”, хоку – у “Культуры”. Ён з’яўляецца аўтарам чатырох друкаваных аповесцяў. На старонках “Маладосці” былі змешчаны “Вялікая жнівенская” ды “Прыгоды Мармулка”. “Салдацкае евангелле” друкавалася ў “Крыніцы” і было прызнана лепшым творам года. Сатырычная аповесць “Дуралесіца”, напісаная ў 1989 годзе, пабачыла свет на старонках “Нашага слова”.

Дзякуючы Язэпу Палубятку і яго землякам, быў адноўлены помнік паўстанцам 1863 года ля вёскі Пацавічы Мастоўскага раёна, а таксама – помнік воінам 70-га Гарадзенскага дабраахвотнага палка 1 БЛД у Левых Мастах, якія падчас савецка-польскай вайны ў ліпені 1920 года на пераправе праз Нёман разбілі 6-ю армію бальшавіцкага камандарма Лазарэвіча. Спадар Палубятка даследаваў бой расейска-германскіх войск у жніўні 1915 года ля вёскі Дашкаўцы, дзе з абодвух бакоў загінула па тысячу чалавек.

На пытанне, з якім настроем Язэп Палубятка сустракае свой юбілей, ён адказаў так: “Юбілей сустракаю з працоўным настроем.  Акрамя працы ў “Газеце Слонімскай” карэспандэнтам па Мастоўскім раёне, працую фізічна. Працую, каб здабыць сродкі для выдання сваіх даўно напісаных твораў. А таксама маю надзею дажыць і пабачыць новую Беларусь!”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.