На Берасцейшчыне зноў знішчаюць свіней



У некаторых вёсках Лунінецкага раёна жывёлы гінуць ад невядомай хваробы. Спецыялісты запэўніваюць вяскоўцаў, што ніякай чумы свіней не было зафіксавана. Аднак вяскоўцы рыхтуюцца да горшага.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Незалежнага прафсаюза Беларусі Валянцін Лазарэнкаў, да якога неаднойчы вяскоўцы звярталісь па юрыдычную дапамогу, перакананы, што гэта – самаўпраўства на мясцовым узроўні:

– Мы зноў атрымалі пацверджанне Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, што ў Берасцейскай вобласці ніякай АЧС няма і ніякіх праблем у межах той эпідэміі, якая была – няма. І ў Бярозе, і ў Лунінецкім раёне, і ў Берасцейскім раёне зноў ставіцца пытанне пра тое, што нібыта гэта АЧС, ёсць спасылкі, якія ідуць на АЧС, зноў міліцыя ідзе да людзей і патрабуе знішчэння свіней.

Таксама зафіксаваныя выпадкі, калі нібыта ў мэтах прафілактыкі прадстаўнікі праваахоўных органаў настойліва раілі знішчыць свіней вяскоўцам у Камянецкім раёне.

Беларускае Радыё Рацыя