Музей Магілёва шукае грошы на слуцкі пояс



Музей гісторыі Магілёва абвясціў аб пошуку спонсараў для куплі ў калекцыянера з Мінска слуцкага пояса 1760-90-х гадоў.

Як паведаміў БелаПАН дырэктар музея Аляксей Бацюкоў, калекцыянер Ігар Сурмачэўскі гатовы саступіць каштоўны экспанат за 60 тысяч даляраў, і музей згодны яго набыць, калі знойдуцца спонсары, гатовыя дапамагчы грашыма.

„Пакуль шукаем – звяртаемся, просім падумаць. Пакуль мы не дайшлі да стадыі аб’явы аб зборы сродкаў на спецыяльны рахунак. Калі знойдуцца спонсары, якія скажуць, што гатовыя ўнесці 100-200 млн рублёў, то тады можна падключаць і грамадскасць. Цяпер трэба праверыць у прынцыпе магчымасць сабраць такія грошы”, – сказаў Бацюкоў.

Слуцкі пояс

Па словах дырэктара музея, дадзены слуцкі пояс мае найвышэйшую каштоўнасць. Ён цэльны, не перашыты, не перароблены, што само па сабе дастатковая рэдкасць. „Бываюць паясы аднабаковыя, двухбаковыя, чатырохбаковыя. Гэты – чатырохбаковы. Гэта значыць, што яго можна было павярнуць адной з чатырох бакоў і атрымлівалася як бы чатыры розных паясы”, – адзначыў Бацюкоў.

Акрамя таго, пояс мае беларускія арнаментальныя элементы, а гэта значыць, што ён не з’яўляецца раннім слуцкім поясам. „Раннія паясы былі на ўсходні манер, а гэты з’явіўся, калі ўсходняя традыцыя пляцення паясоў ўжо спалучалася з беларускай традыцыяй звыклага арнаменту з элементамі мясцовых кветак. Тут таксама можна ўбачыць нашы валошкі, нашы расліны”, – сцвярджае дырэктар музея.

Паводле яго слоў, у музеях ўсходняй частцы Беларусі слуцкіх паясоў няма наогул. Яны ёсць толькі ў Нясвіжы, Гародні, Слуцку, Слоніме, Менску і Маладзечне.

У цяперашні час слуцкі пояс даўжынёй 3,5 метра і шырынёй 35 см выстаўлены на агляд у магілёўскім музеі. Ён будзе экспанавацца там да канца года, пасля чаго вернецца да калекцыянера. Аднак дырэктар музея спадзяецца, што пояс вернецца ў Магілёў у якасці выкупленага ўласнай экспаната.