Спадчына беларускага замежжа чакае свайго адкрыцця



Ліхалецце ХХ стагоддзя прывяло да таго, што кожны чацвёрты беларус апынуўся па-за межамі Беларусі. Амаль 25 гадоў незалежнасці Беларусі, але культурная і грамадская спадчына беларусаў замежжа дагэтуль належным чынам не ацэнена і не даследавана.

Пра стан даследаванняў беларускага замежжа Зміцер Косцін гутарыць з Наталляй Гардзіенка, намесніцай дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва:

— На жаль, мала што істотна змянілася ў стаўленні да беларускай эміграцыі, то бок, да тых людзей, якія свядома выязджалі ў розныя часы, асабліва пасля Другой сусветнай вайны, з тэрыторыі Беларусі. Таму, на сёння, даследаванні менавіта гэтых праблемаў застаюцца складанымі ў афіцыйнай беларускай навуцы, і таму няшмат займаюцца гэтай праблемай даследчыкі, якія працуюць у дзяржаўных структурах, дзяржаўных навучальных ці навуковых установах. Тым не менш, выходзіць нешта зрабіць нейкім недзяржаўным чынам, на энтузіязме асобных навукоўцаў. Сапраўды, сітуацыя з беларускім эміграцыязнаўствам, значна больш складаная чым з украінскім, польскім, ці з літоўскім, дзе ёсць адмысловыя інстытуты, якія займаюцца вывучэннем жыцця сваіх суайчыннікаў за мяжой. У нас, на жаль, падобнай адмысловай навуковай інстытуцыі яшчэ няма. Мы стварылі творчую ініцыятыву, звязаную са збіраннем архіваў, архіўнай спадчыны беларускага замежжа, пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Спадзяюся, гэта будзе пэўным штуршком, падставай для таго, каб людзей, зацікаўленых навуковым вывучэннем беларускай прысутнасці ў свеце станавілася ўсё больш, і каб архівы, матэрыялы збіраліся ў Беларусі.

РР: Шмат што яшчэ не даследавана, у што не зазірнулі даследчыкі з Беларусі?

— Фактычна, прасцей сказаць, што даследавана, бо паколькі людзей, якія гэтым займаюцца вельмі нямнога дык і тэмаў, якія на сёння больш-менш вывучаныя таксама няшмат. Гэта асобныя краіны, асобныя тэмы і асобныя праблемы, звязаныя з дзейнасцю тых ці іншых беларускіх арганізацыяў, прыкладам, Рада БНР, Беларуска-амерыканскае задзіночанне, ці Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. Застаюцца нявывучанымі цэлыя краіны і цэлыя перыяды. Сёння мы, нягледзячы на тое, што беларуская прысутнасць у пасляваеннай Нямеччыне была вельмі актыўнай, не маем практычна ніякіх даследаванняў, прысвечаных гэтай тэме. Наогул, беларуская прысутнасць у Еўропе: у Францыі, Бельгіі, Італіі, амаль не даследавана. Не кажучы пра тое, што і асобныя пласты, напрамкі: эканамічнае жыццё, сацыяльнае жыццё мастацтва беларускага замежжа, таксама вельмі фрагментарна даследуецца.

РР: Вядома, навукоўцы, нават тыя, якія не займаюцца пытаннямі эміграцыі, свядомыя таго багацця, што ёсць у эміграцыі, або, скажам так, на беларускіх этнічных тэрыторыях, якія апынуліся па-за межамі Беларусі. На прыкладзе Польшчы, дзе ў масавай свядомасці існуе паняцце так званых «крэсаў», прысутнасці палякаў на Ўсходзе, эміграцыі. Усё гэта функцыянуе ў штодзённым жыцці і амаль кожны паляк пра гэта ведае. А ў Беларусі, няма цікавасці да беларусаў па-за межамі?

— Так, на жаль, мы можам казаць сёння пра феномен падзеленай нацыі: калі беларусы, якія жывуць у метраполіі і беларусы, якія апынуліся ў замежжы існуюць як паралельныя светы, паміж якімі вельмі мала сутыкненняў і ўзаемных зацікаўленняў. Хоць, сувязі сваяцкія, сямейныя, заўсёды прысутнічаюць. Тым не менш, гэтая праблема — пераадольвання пэўнага адчужэння паміж дыяспарай і метраполіяй — сёння актуальная.

Апошнім часам Наталля Гардзіенка прыкладае намаганні па перавозцы ў Беларусь архіваў беларускіх дзеячаў замежжа. Днямі дзякуючы намаганням даследчыцы зборы БДАМЛіМ папоўніліся архівам беларускага дзеяча з Польшчы Юрыя Туронка.

 

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце  ў далучаным файле.

Фота: budzma.by