Лінч польскай пісьменніцы
Польскія інтэрнаўты ўзнялі хвалю нянавісці і пагражаюць фізічнай расправай выдатнай, польскай пісьменніцы Вользе Такарчук. Падставай для нападак сталі яе словы пасля атрымання прэстыжнай, літаратурнай узнагароды «Nike» за яе найноўшы твор «Кнігі Якубавы».
5-га кастрычніка, пасля цырымоніі ўручэння пісьменніцы ўжо другой літаратурнай прэміі «Nike», у інтэрв’ю тэлеканалу TVP Info яна заявіла: «Мы прыдумалі гісторыю Польшчы, як краіны талерантнай, адкрытай, як краіны, якая не заплямілася нічым злым у адносінах да сваіх меншасцяў. Тым часам, мы рабілі жахлівыя рэчы як каланізатары, як нацыянальная большасць, якая прыгнятала меншасць, як уладальнікі рабоў або забойцы габрэяў». Гэтае выказванне было распаўсюджана два дні пазней першым польскім тэлеканалам і выклікала хвалю абурэння. Нацыяналістычныя інтэрнэт-парталы абвінавацілі пісьменніцу ў нацыянальнай здрадзе, пужалі судом за абразу палякаў і нават раілі эміграваць з краіны. У Фэйсбуку з’явіліся вульгарныя эпітэты кшталту «жыдоўская анучка» і «ўкраінская курва». Уласнік валютнага абменніка ў Новай Рудзе назваў месца жыхарства пісьменніцы і прапанаваў «наведаць» яе. Справай пагрозаў на адрас пісьменніцы зацікавілася пракуратура ў Клодзку. Адвакат прааналізаваў частку каментарыяў і прызнаў, што 160 з іх падлягаюць расследаванню і пакаранню. Праз адвакацкую канцылярыю, Вольга Такарчук запатрабавала ад адміністратараў парталаў выдаліць допісы нянавісці, а з часткай аўтараў абяцала сустрэцца ў судзе.
Пісьменніца заявіла, што за ўсё сваё жыццё яна не зведала гэтулькі нянавісці, як за апошнія дні. Пісьменніца патлумачыла, што ў тэлеінтэрв’ю яна гаварыла пра сваю кнігу, гістарычны раман пра часы ХVIII стагоддзя на Падоллі, які вырысоўвае панараму жыцця тагачаснай Рэчы Паспалітай. Галоўным героям раману з’яўляецца Якуб Лейбавіч Франк, які абвясціў сабе «габрэйскім Месіям» і давёў да расколу ва ўлонні юдаізму, ствараючы секту так званых «франкістаў». «Я была здзіўленая тым, што мае словы былі прадстаўленыя ў іншым, сучасным кантэксце. Аднак, гэта толькі пацвярджае, што па сутнасці нічога не змянілася з часоў апісаных у «Кнігах Якубавых». Пад шырмай нібыта талерантнай Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі хавалася ксенафобія, замкнутасць, варожае стаўленне да ўсяго, што чужое. І гэтая ацэнка актуальная і ў наш час», — заявіла пісьменніца. «Сёння я бачу ў гэтай з’яве пацверджанне майго дыягназу — міф шматкультурнай Польшчы лопаецца і выяўляецца нянавісць да чужых. Гісторыя прыпудроўваецца, а ў кожным, хто спрабуе яе адзіную слушную версію паставіць пад сумнеў, бачаць здрадніка. У шматлікіх каментарах з’явіліся намёкі, што я — габрэйка, або ўкраінка, а мае дзяды стваралі банды УПА. Упершыню ў жыцці мне зрабілі закід, што я — ня полька; я адчула выключэнне з супольнасці. На шчасце, калі я апублікавала заяву ў Фэйсбуку, я атрымала таксама мноства выразаў падтрымкі» — сказала Вольга Такарчук.
Я высока ацэньваю творчасць Вольгі Такарчук, але не паспеў прачытаць яе найноўшую кнігу. Затое, звязваю заклікі да лінчавання пісьменніцы з істэрыяй, якая ўспыхнула ў сувязі з наплывам уцекачоў у Еўропу. «На нашых вачох разбураюцца рэшткі міфа пра талерантную Польшчу,» — пішуць некаторыя мэдыя. Я разумею боязь палякаў перад ісламізацыяй Еўропы і падзяляю гэтую боязь. Чым больш я знаёмлюся з ісламам, тым больш не лічу яго мірнай рэлігіяй, ні ў тэорыі ні ў практыцы. Я таксама баюся наплыву ісламскіх экстрэмістаў. Аднак, я не кажу, як гэта сказаў лідар найбуйнейшай апазіцыйнай партыі, што ўцекачы прынясуць да нас заразу. 11 лістапада ў Вроцлаве мае адбыцца марш крайніх нацыяналістаў «У абарону незалежнасці Польшчы». Палякі слушна абураюцца, калі нехта піша пра «польскія лагеры смерці». Аднак, выпадала б і ім больш крытычна паглядзець на сваю ўласную гісторыю. Апрача гонару за тое, што было добрае ў гісторыі, варта памятаць і пра цёмныя плямы, пра крыўды прычыненыя іншым, пераважна меншасцям. Якраз гэтага другога не хапае не проста шараговым палякам, але, нават, палітыкам, гісторыкам і публіцыстам. Вольга Такарчук міжвольна справакавала тое, што мы ўбачылі горшае, непрывабнае аблічча палякаў.