Змаганне Юрыя Рубцова супраць сістэмы



Гамяльчук Юрый Рубцоў вядомы ва ўсёй Беларусі сваёй манерай выказваць палітычную нязгоду. Яго пазнаюць па майках з палітычнымі лозунгамі і патрабаваннямі. Як ставяцца жыхары Гомеля да такіх выяўленняў поглядаў? Чаму Юрый Рубцоў увогуле пачаў змагацца з сістэмай?

РР: Вас многія ў Гомелі і ў Беларусі ведаюць па тым, што вы носіце майку “Лукашэнка, сыходзь”. Можа ў вас быў нейкі канфлікт на працы? Можа вас дыскрымінавалі па нейкай прычыне?  

Юрый Рубцоў: Ведаеце, я выхоўваўся ў Савецкім Саюзе, вучыўся ў савецкай школе, і заўсёды быў абаронцам таго, што нам казалі: што мы павінны быць сумленнымі. Калі я пачаў працаваць і пабачыў тое бязладдзе, якое царыць на вытворчасці, у любых арганізацыях, то гэта выклікала адмоўныя ацэнкі, і ты пачынаеш разумець, што пастаўлены ў такія ўмовы, што не можаш выканаць любое заданне, каб не парушыць якую-небудзь інструкцыю.

РР: Можа які-небудзь канкрэтны прыклад можна прывесці.

Юрый Рубцоў: Іх так шмат, што гэта немагчыма. Напрыклад, я працаваў на “Водаканале”. Майстар, які адказвае за ўчастак, прымусіў слесара лезці ў басейн чысціць “хлорку” без супрацьгаза. Я, не маючы адукацыі, разумею, што “хлорку” без супрацьгаза чысціць нельга. Чалавек, які мае высшую адукацыю, пасылае чалавека на смерць. Гэта добра, што яго выратавалі, бо была страховачная вяроўка, і слесара выцягнулі з гэтага басейна. То бок да людзей ставяцца як да рабоў.

РР: Вашае рашэнне зрабіць гэтыя майкі…

Юрый Рубцоў: Так, рашэнне зрабіць майкі… Але я заўжды быў законапаслухмяны. Я імкнуўся нідзе не парушаць законы. Калі я даведаўся пра тое, што, як Лукашэнка выступаў: вось яны клеюць улёткі, псуюць будынкі, за гэта іх трэба караць. Апазіцыйныя газеты ў нас забаронены. Але афіцыйныя газеты ў нас не чапаюць. У афіцыйных газетах апазіцыйным палітыкам выступаць не даюць. На тэлевізар таксама не пускаюць. Палітычныя апаненты загнаныя ў тупік. І я пачаў думаць: а як можна данесці свой погляд, свае думкі, каб не парушыць ніякага закона. І я прыйшоў да высновы, што напісаўшы на сваёй майцы надпіс, я не парушаю нічыіх правоў.

РР: І як аказался на самой справе? Вас пераследавалі за тое, што вы апраналі майкі з палітычнымі надпісамі?

Юрый Рубцоў: Практычна мяне няма за што пераследаваць. Але гэта вельмі небяспечна для гэтай улады, тое, што я хаджу ў гэтай майцы. Чым небяспечна? Не пакарай меня, у такіх майках могуць аказацца сотні, тысячы, дзясяткі тысячаў людзей. І гэта ўлада разумее. Для таго каб застрашыць людзей, мяне пачалі караць за тое, што я нібыта лаюся матам.

РР: А як людзі ставяцца да вашых праяваў палітычнай нязгоды?

Юрый Рубцоў: У тым годзе, калі я хадзіў больш за год па Гомелі ў гэтай майцы, агрэсіўна настроеных на мяне людзей было 5-6. Не больш. За год. Адзін з іх запатрабаваў: здымі майку. Я кажу: чаму? Я табе сказаў, здымі. Я яму кажу, я табе таксама магу сказаць: здымі штаны. Якое ты маеш права мне камандаваць. Не падабаецца – не чытай.

РР: А падтрымка была з боку людзей?

Юрый Рубцоў: Людзі са мной фатаграфаваліся. Паказваюць вялік палец – знак адабрэння. Пасміхаюцца і вітаюцца. Канешне, адабрэнне ёсць.

РР: А ўсё ж такі тая гістрыя на конт асуджэння, калі вы трымалі галадоўку, і па выніку зараз заводзяць крымінальную справу за абразу суддзі. Гэта як адбывалася? І ці мела месца абраза?

Юрый Рубцоў: Вы можаце самі лічыць: ці мела месца абраза, калі я сказаў такую фразу: суддзі, якія выносяць незаконныя прысуды, з’яўляюцца “падонкамі”. Ці з’яўляецца гэта фраза абразай для суддзі? Але справа ў тым, што ў пратаколе судзебнага паседжання гэтая фраза была зменена. Напісалі не “падонкі”, а “падонак”, у сэнсе “суддзя – падонак”.  У пратаколе змянілі ўсяго два словы, і цяпер дастаткова, каб распачаць крымінальную справу.  Плюс да гэтага пратакола – заява самога суддзі.

Супраць Юрыя Рубцова ўзбуджаная крымінальная справа па факце абразы суддзі Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха. Судовае пасяджэнне адбывалася па заканчэнні санкцыянаванай уладамі акцыі „Чарнобыльскі шлях”. Суддзя вынес прысуд на закрытым працэсе, пасля якога актывіст 25 сутак правёў у ізалятары нібыта за хуліганства. Увесь тэрмін зняволення Юрый Рубцоў трымаў галадоўку, што прывяло да ягонай шпіталізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель