Міжнародны дзень сельскіх жанчын



У Беларусі зараджаецца традыцыя святкавання Міжнароднага дня сельскіх жанчын. Ідэя гэтага свята з’явілася 20 год таму на Жаночай канферэнцыі ААН, але толькі ў 2007 годзе Генеральная Асамблея Аб’яднаных Нацый зацвердзіла Міжнародны дзень сельскіх жанчын. Мэта – паказаць наколькі неабходная і важная жаночая праца ў вёсках. У Беларускім саюзе жанчын прызнаюцца, што пакуль у краіне вельмі мала ведаюць пра свята, але тым не менш традыцыя паступова зараджаецца. Так на Піншчыне віншаванні атрымалі ганаровыя працаўнікі сельскай гаспадаркі. Наталля Трушч, якая пасля заканчэння ўніверсітэту пераехала ў вёску, адзначыла, што пачатак быў цяжкі:

– Мы працавалі, імкнуліся, каб было добра. Удзельнічалі ў спаборніцтвах. Цяжка было. Асабліва ў першыя гады. А затым прывыкла. Мне нават спадабалася. Я стала працаваць. Стала нават цікава. Усе смяяліся, чаму ў кароў такія вялікія рогі. А мы смяяліся і казалі, што не паспелі падрэзаць.

Па інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі ў сельскай мясцовасці жыве больш 1 мільёну жанчын, сярэдні ўзрост якіх 45-47 гадоў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота slova.by