Гістарычная падзея для Еўропы
Літва, Польшча і Еўракамісія 15 кастрычніка падпісалі дамову пра фінансаванне праекта газавода паміж Літвой і Польшчай. Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер адзначыў, што гэты газавод з’яўляецца першым інфраструктурным праектам, які злучыць краіны Балтыі з рынкамі Заходняй Еўропы.
Па яго словах, інвестыцыі ЕЗ у такі праект – самыя вялікія ўкладанні такога роду. «Гэта інвестыцыі, якія ў будучыні прынясуць дывідэнды, забяспечаць свабоднае перамяшчэнне энергарэсурсаў у Еўропе. Нам трэба гарантаваць бяспеку паставак энергарэсурсаў, дыверсіфікаваць рэсурсы. Мы можам гэта зрабіць разам дзеля сваіх грамадзян, сваіх спажыўцоў», — сказаў Юнкер.
Прэзідэнт Літвы адзначыла, што падпісанне такой дамовы — важны крок да энергетычнага саюза ЕЗ.
«Сёння зроблены канчатковы і важны крок, якога не было б без добрай волі, разумення палітыкаў і, па-за ўсякімі сумневамі, без фінансавай дапамогі з бюджэту ЕЗ. Гэта таксама важны крок для канкурэнтнасці і агульнага дабрабыту ўсяго Еўразвязу», — сказала Даля Грыбаўскайце на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.
Прэм’ер Эстоніі Тааві Рыйвас сказаў, што газавод Польшчы і Літвы зблізіць усю Еўропу.
Важны для Літвы і ўсяго ЕЗ праект таксама дасць магчымасць вырашыць праблему залежнасці Балтыйскіх краін ад расейскага газу.
Агульны кошт праекта – 555 мільёнаў еўра.
Фота AFP